Беларускі драматург Андрэй Курэйчык не выключае, што сцэнарый "Першакурснікі" Ганны Лузан, які ўвайшоў у лік пераможцаў конкурсу Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" гэтага года, быў спісаны з яго п'есы.
- Я не выключаю, што сцэнарый у мяне проста выкралі, — заявіў Андрэй Курэйчык журналістам.
П'еса "Першакурснікі" напісана ім у 2003 годзе і ўвайшла ў шорт-лісты многіх расійскіх драматургічных прэмій, напрыклад, прэміі "Sib-Аltera2004". Яна была пастаўлена ў Пермскім тэатры юнага гледача (прэм'ера адбылася 24 сакавіка 2005 года), а таксама выдадзена ў некалькіх драматургічных зборніках і апублікавана на яго персанальным сайце.
Як паведаміў А.Курэйчык, у 2006 годзе расійскай кінакампанія "Цэнтрал Партнёршып" замовіла ў яго маладзёжны кінасцэнарый "Першакурснікі", які часткова базаваўся на аднайменнай п'есе. Дагавор быў падпісаны паміж А.Курэйчыкам і прадзюсерам Арамам Маўсясянам 19 кастрычніка 2006 года. Сцэнарый быў напісаны ў тым жа 2006 годзе і з таго часу знаходзіцца ў вытворчым партфелі гэтага вытворца.
- Я абавязкова разбяруся ў гэтай сітуацыі, — сказаў А.Курэйчык. — Аўтарскія правы — аснова асноў цывілізаванага грамадства. Кінастудыя павінна даць тлумачэнні. Калі мае падазрэнні пацвердзяцца, я буду неадкладна звяртацца ў суд і ў дачыненні да аўтара, і ў дачыненні да "Беларусьфільма", які выплаціў узнагароду за гэты сцэнарый.
Галоўны рэдактар "Беларусьфільма" Наталля Сцяжко лічыць неабгрунтаванымі прэтэнзіі А.Курэйчыка да кінастудыі. Як яна паведаміла БелаПАН, кожны аўтар, які ўдзельнічае ў конкурсе, падпісвае дакумент аб тым, што яго сцэнарый з'яўляецца аўтарскім творам, таму адказнасць за выкананне аўтарскіх правоў поўнасцю ўскладаецца на сцэнарыста. Акрамя гэтага, яна заўважыла, што, мяркуючы па п'есе А.Курэйчыка, апублікаванай у інтэрнеце, яе сюжэт і галоўныя героі істотна адрозніваюцца ад сцэнарыя "Першакурснікі" Ганны Лузан, паведамляе БелаПАН.




