У мінскім прыватным выдавецтве “Галіяфы” пабачылі свет сігналы двух новых кніг паэзіі: Таццяна Нілава “Готыка тонкіх падманаў” і Арцём Кавалеўскі “Аддаленасць і адданасць”.
Нагадаем, гэтае выдавецтва было сёлета канчаткова зарэгістравана (атрымала выдавецкую ліцензію) паэтамі Зміцерам Вішнёвым і Міхасём Башурам. “Галіяфы” працягвае кніжную серыю “Другі фронт мастацтваў” , якая раней выходзіла ў выдавецтве “Логвінаў”, і цягам 2008 – 2009 гадоў плануе надрукаваць некалькі дзесяткаў кніг -- гэта паэзія, проза, эсэістыка, крытыка, эксперыментальныя даследаванні андэграўнду і субкультуры і інш. Пад грыфам выдавецтва ўжо выйшлі 4 кнігі.
Як сказаў журналісту Рацыі дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў:
- Кнігі Нілавай і Кавалеўскага будуць прэзэнтаваны на сёлетнім міжнародным літаратурным фестывалі “Парадак слоў”, які пачнецца прыканцы ліпеня ў Мінску.
Да 1 верасня выдавецтва “Галіяфы” плануе выдаць яшчэ чатыры кнігі.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя, Беласток.