Першы ў Беларусі мультыплекс плануецца адкрыць у Мінску ў канцы жніўня. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат" Васіль Коктыш сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме.
Ён удакладніў, што па дырэктыўных тэрмінах гэты шматзальны кінатэатр павінен быў адкрыцца ў ліпені, а па нарматыўных - у снежні гэтага года, таму што на будаўніцтва адводзілася 28 месяцаў ад пачатку работ.
У самым пачатку будаўніцтва адставанне ішло на 4 месяцы з-за позняй дастаўкі вежавага крана. Але, паводле слоў гендырэктара, праблема нават не ў тэрмінах, а ў якасці выкананых работ.
"На жаль, да якасці ў нас шмат пытанняў. Будаўнікі дапусцілі шмат недаробак, якія будуць ліквідавацца", - канстатаваў ён. Напрыклад, трэба поўнасцю замяніць вітражы. Іх нізкая якасць не задаволіла заказчыка мультыплексу - УП "Кінавідэапракат".
Размяшчаецца першы беларускі мультыплекс на месцы былога кінатэатра "Беларусь" па вуліцы Раманаўская Слабада побач са станцыяй метро "Фрунзенская". У кінатэатры будзе 5 камфартабельных кіназалаў, кожная з якіх зможа ўмясціць ад 150 да 300 гледачоў. Агульная ўмяшчальнасць яго складзе 1040 месцаў, паведамляе БЕЛТА.






