23-07, 20:17

Аляксандр Мілінкевіч увайшоў у склад 46 ініцыятыўных груп

Лідэр аргкамітэта руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч увайшоў у склад 46 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Як паведаміла прэс-служба палітыка, у найбліжэйшы час А.Мілінкевіч плануе наведаць 35 гарадоў Беларусі, каб узяць удзел у мерапрыемствах па зборы подпісаў у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў і паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі. Падчас гэтых сустрэч, акрамя пытанняў, звязаных непасрэдна з выбарамі, палітык мае намер абмяркоўваць палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, у тым ліку будаўніцтва атамнай электрастанцыі і іншыя актуальныя для беларускага грамадства праблемы. 

Як зазначае прэс-служба, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі не ўпершыню ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі ў якасці члена ініцыятыўнай групы або даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты. Так, падчас выбараў у мясцовыя саветы 2007 года Мілінкевіч сустрэўся з выбаршчыкамі 40 гарадоў.

Нагадаем, рух "За Свабоду" выступіў ініцыятарам кампаніі "За свабодныя выбары", мэта якой — садзейнічаць правядзенню ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў у парламент у адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя