У верасні 2008 года пасля рэканструкцыі адкрыецца Мазырская нафтабаза.
Як паведамілі у прэс-службе РУП "ВА "Беларуснафта", рэканструкцыя нафтабазы, якая ўваходзіць у склад РУП "Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт", пачалася ў 2007 годзе. Яна ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта перспектыўнага развіцця нафтабазавай гаспадаркі і АЗС ДВА "Беларуснафта" да 2015 года.
На Мазырскую нафтабазу, якая тэхналагічна звязана з мясцовым нафтаперапрацоўчым заводам, пастаўлена самае сучаснае абсталяванне вядомых замежных фірм. Праект рэканструкцыі, распрацаваны інстытутам "Нафтахімпраект", прадугледжвае поўную аўтаматызацыю ўсіх тэхналагічных працэсаў: прыёму і наліву нафтапрадуктаў. На прадпрыемстве падкрэсліваюць, што гэта будзе нафтабаза новага пакалення, якая будзе адпавядаць усім патрабаванням экалогіі і лагістыкі: паліва будзе дастаўляцца да базы па прадуктаправодах, а адтуль — аўтамабільным транспартам да АЗС .
Прапускная здольнасць нафтабазы складзе да 200 тыс. тон паліва ў год. Гэтым палівам будуць забяспечвацца ўсе АЗС палескага рэгіёну. Акрамя таго, бензін АІ-98 з Мазырскай нафтабазы плануецца пастаўляць на аўтазаправачныя станцыі па ўсёй краіне.
Наступнымі аб'ектамі рэканструкцыі стануць Наваполацкая, Кобрынская і Бабруйская нафтабазы, паведамляе БелаПАН.




