Пераможцай першага гарадскога конкурсу прыгажосці "Міс Інтэрнет Віцебск — 2008" стала 22-гадовая журналістка, супрацоўніца рэгіянальнага тэлебачання Анастасія Шупенік.
Звання "Міс Камунікабельнасць" удастоена 18-гадовая выпускніца сярэдняй школы № 40 Віцебска Таццяна Гарачова.
Конкурс быў аб'яўлены штодзённай інтэрнет-газетай "Народныя навіны Віцебска" і праводзіўся на працягу месяца. У ім маглі ўзяць удзел незамужнія жыхаркі Віцебска ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў. Жаданне ўдзельнічаць у конкурсе выказалі 10 дзяўчат. Ад удзельніц патрабавалася прыслаць кароткае эсэ аб сабе і два фотаздымкі — партрэт і здымак у поўны рост, пажадана, у купальніку. На працягу тыдня, з 30 чэрвеня па 6 ліпеня, на сайце "Народныя навіны Віцебска" ішло інтэрактыўнае галасаванне чытачоў, у выніку якога была абрана пераможца.
У анлайн-галасаванні ўзялі ўдзел 2 тыс. 643 чалавекі. Анастасію Шупенік падтрымаў 881 наведнік сайта (33% галасоў). Дзяўчына прыслала фотаздымак, дзе яна выяўлена топлес з дзвюма бутэлькамі піва ў руках. У сваёй візітцы яна напісала: "Аб чым марыць кожны гарачым летам? Аб некалькіх бутэлечках прахаладжальнага напою і аб дзяўчыне ў купальніку!"
Партнёрамі конкурсу выступілі прыватнае турыстычнае унітарнае прадпрыемства "Р-Тур" і кампанія "МТС". У якасці прыза міс Інтэрнет атрымала пуцёўку на дзесяцідзённы адпачынак у Крыме і падарунак ад кампаніі "МТС". Пераможца была каранавана сімвалічным купальскім вянком з дубовага лісця і палявых кветак. Сотавы аператар таксама ўручыў падарунак міс Камунікабельнасць. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў прайшла на народнае свята Купалле, у ноч на 7 ліпеня ў гарадскім клубе "Зебра".
"Гэты конкурс садзейнічаў павышэнню папулярнасці нашай інтэрнет-газеты, — сказаў рэдактар "Народных навінаў Віцебска" Сяргей Серабро. — За час яго правядзення аўдыторыя сайта павялічылася ў тры разы. Калі да яго аб'яўлення сайт наведвалі 400 чалавек у дзень, то падчас конкурсу да нас штодзённа прыходзіла больш за 1.200 чалавек. Паколькі такі конкурс спадабаўся нашым чытачам, то цяпер мы будзем выбіраць "Міс Інтэрнет Віцебск" кожнае лета".
Акрамя таго, паводле слоў С.Серабро, інтэрнет-рэсурс плануе арганізоўваць іншыя конкурсы, закліканыя прыцягнуць увагу чытачоў, паведамляе БелаПАН.






