Супрацоўнікі МУС Беларусі затрымалі грамадзяніна, які размясціў 8 ліпеня 2008 года ў Інтэрнэце на адной са старонак расійскага сайта службы знаёмстваў заведама непраўдзівую інфармацыю аб магчымым выбуху ў Мінску. Аб гэтым паведаміў журналістам сёння ў Мінску начальнік упраўлення па раскрыццю злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Беларусі Ігар Чарненка.
Нягледзячы на тое, што аўтар паведамлення зрабіў захады па ўтойванню сваёй асобы, беларускімі праваахоўнымі органамі сумесна з расійскімі калегамі былі прыняты неабходныя меры па яго ўстанаўленню. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў затрыманы грамадзянін Беларусі, жыхар Віцебскай вобласці 25 гадоў. Па гэтаму факту ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы), санкцыя якой прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.
У МУС растлумачылі, што выбух, які адбыўся ў сталіцы ў ноч з 3 на 4 ліпеня ў час святочнага гала-канцэрта каля стэлы "Мінск - горад-герой", шырока абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі, асабліва на розных сайтах і форумах у Інтэрнэце. Выкарыстаўшы існуючую сітуацыю, некаторыя ўдзельнікі такіх абмеркаванняў не толькі наўмысна распаўсюджваюць недакладную інфармацыю, але і размяшчаюць паведамленні, якія могуць стаць прычынай дэстабілізацыі абстаноўкі. Пры гэтым аўтары такіх выказванняў часта не ўсведамляюць, што за такія дзеянні прадугледжана крымінальная адказнасць.
Міністэрства ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі ў рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факту выбуху, пастаянна праводзіць мерапрыемствы па выяўленню і спыненню такіх фактаў. Сёння ўзровень прафесіяналізму супрацоўнікаў міліцыі і тэхнічныя магчымасці дазваляюць устанавіць асобы тых, хто размяшчае такую інфармацыю, і прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці з законам, заявіў Ігар Чарненка.
На яго думку, бацькі павінны ўважліва сачыць за дзецьмі, якія карыстаюцца Інтэрнэтам, і цікавіцца, якія рэсурсы яны наведваюць і на якіх форумах маюць зносіны. Начальнік упраўлення заклікаў уладальнікаў інтэрнэт-клубаў і інтэрнэт-кафэ кантраляваць работу сваіх наведвальнікаў.
"З іх ніхто не здымае адказнасці ў выпадку, калі тэхніка інтэрнэт-клуба выкарыстоўваецца ў дэструктыўных мэтах", - сказаў Ігар Чарненка, паведамляе БЕЛТА






