11-07, 11:51

Мірон патрабуе знайсці арганізатараў мінскага выбуха

У Віцебску невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сцяг з запіскай, у якой патрабуюць знайсці арганізатараў віцебскіх і мінскага выбухаў.

Сцяг на даху чатырохпавярховага жылога дома па вуліцы імя газеты "Правда" з'явіўся каля поўначы 10 ліпеня. Праз некалькі гадзін яго заўважылі і знялі супрацоўнікі міліцыі.

Як паведаміў віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, з вартых даверу крыніц яму вядомы змест запіскі, якая была прымацавана да сцяга.

"У гэтай запісцы легендарны Мірон патрабуе знайсці арганізатараў выбухаў, па чыёй віне пацярпелі беларускія людзі, — сказаў Б.Хамайда. — Тэкст запіскі наступны: "Выбухі са шматлікімі ахвярамі ў 2005 годзе ў Віцебску і 3 ліпеня ў Мінску — гэта злачынствы супраць беларускага народа. Кім бы ні былі злачынцы, і колькі б ні прайшло часу, ім не пазбегнуць пакарання. Няхай на гэты кошт у іх не застаецца ніякіх сумненняў! Мірон".

На думку Б.Хамайды, пошукі арганізатараў мінскага выбуху могуць зайсці ў тупік, калі следства па-ранейшаму будзе займацца вобыскамі ў апазіцыйных актывістаў. Ён нагадаў, што падобныя вобыскі ў прадстаўнікоў апазіцыі праводзіліся і ў Віцебску — пасля таго як 14 і 22 верасня 2005 года ў горадзе адбыліся два выбухі, ахвярамі якіх сталі 43 чалавекі. Аднак злачынцы, якія замахваліся на іх жыццё і здароўе, дагэтуль не знойдзены. 

"Пераследуючы мясцовых дэмакратычных актывістаў, следчыя, магчыма, проста ўпусцілі магчымасць знайсці сапраўдных арганізатараў выбухаў, як гаворыцца, "па гарачых слядах", — лічыць віцебскі апазіцыянер, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя