11 ліпеня віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту за "дробнае хуліганства".
Спачатку яго даставілі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі як пацярпелага, але хутка паведамілі, што ў раённы суд ён будзе адпраўлены ў якасці абвінавачанага.
Як паведаміў БелаПАН Б.Хамайда, каля 11 гадзін раніцы на яго ў цэнтры горада, каля гэтак званага "сіняга дома" (вуліца Леніна, 28), дзе Хамайда традыцыйна распаўсюджвае незалежную прэсу, напаў незнаёмы мужчына. Спачатку ён заявіў, што Хамайда павінен яму грошы, а затым пачаў правакаваць бойку, штурхаючы апазіцыянера.
"Пасля чарговага штуршка я ўпаў і параніў руку, але на правакацыю вырашыў не паддавацца, — паведаміў Б.Хамайда. — Калі я чарговы раз папрасіў хулігана пакінуць мяне ў спакоі, да нас падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які, як аказалася, ужо некаторы час назіраў за развіццём канфлікту. Ён выклікаў машыну, і нас адвезлі ў аддзяленне міліцыі. Я заявіў, што хачу напісаць заяву аб тым, што на мяне ўчынены хуліганскі напад, але мне сказалі, што ў суд мяне павязуць па іншай прычыне. Аказваецца, міліцыянер-сведка па прозвішчы Верчанка напісаў у рапарце, што я нібыта нецэнзурна лаяўся ў адрас зусім незнаёмага мне чалавека".
Беспрацоўнага жыхара Віцебска 1971 года нараджэння, які нападаў на 60-гадовага апазіцыянера, пасля пасяджэння суда адпусцілі, а Б.Хамайду, згодна з пастановай суда, адправілі на тры дні ў ізалятар часовага ўтрымання адбываць тэрмін адміністрацыйнага арышту за "дробнае хуліганства".
Б.Хамайда заявіў, што лічыць абвінавачанне "правакацыяй, скіраванай на тое, каб не дапусціць яго прысутнасці ў цэнтры горада ў дні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Паводле слоў апазіцыянера, раней да яго неаднаразова падыходзілі супрацоўнікі міліцыі і рэкамендавалі "ўзяць водпуск" на фестывальны тыдзень. Аднак Хамайда гэтыя рэкамендацыі ігнараваў і працягваў штодзённа выходзіць у цэнтр горада для распаўсюджвання недзяржаўных СМІ.
Варта зазначыць, што Б.Хамайду і раней неаднаразова забіралі ў міліцыю ад "сіняга дома", аднак дагэтуль яго абвінавачвалі ў арганізацыі несанкцыянаваных акцый. У "дробным хуліганстве" пенсіянера абвінавацілі ўпершыню, паведамляе БелаПАН.






