Павел Барадзін прапанаваў зрабіць Віцебск сталіцай Саюзнай дзяржавы. Такую ідэю дзяржсакратар Саюза Беларусі і Расіі выказаў на прэс-канферэнцыі 13 ліпеня ў Віцебску, што прайшла ў межах XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Прэс-канферэнцыя была прысвечана Дню Саюзнай дзяржавы, які традыцыйна праводзіцца на фестывалі з 2003 года.
Тлумачачы сваю прапанову, П.Барадзін падкрэсліў, што фестываль мастацтваў "Славянскі базар" робіць значны ўнёсак у працэс яднання Беларусі і Расіі. Паводле яго слоў, не выпадкова на яго правядзенне з бюджэту Саюзнай дзяржавы штогод выдзяляецца прыблізна мільён долараў. На пытанне журналістаў аб тым, ці дастатковая гэта сума, дзяржсакратар адказаў, што аб'ём фінансавання трэба перагледзець, бо гэта сума не мянялася на працягу апошніх пяці гадоў. Ён прызнаў, што гэтых грошай яўна недастаткова, і ўжо ў наступным годзе плануецуца істотна павялічыць саюзнае фінансаванне "Славянскага базару ў Віцебску".
П.Барадзін заявіў журналістам, што ў найбліжэйшыя гады бюджэт Саюзнай дзяржавы можа ўзрасці ў два-тры разы. Павелічэнне бюджэту, на яго погляд, павінна садзейнічаць рэалізацыі саюзных праграм, сярод якіх чакаецца некалькі новых — напрыклад у галіне дызельнага аўтамабілебудавання, звязаная з вытворчасцю рухавікоў стандартаў Еўра-5 і Еўра-6, і нядаўна зацверджаная праграма ў сферы сельгасмашынабудавання. Дзяржсакратар сказаў таксама аб тым, што цяпер асабліва востра неабходна сацыяльная адукацыйная праграма, што забяспечыць найлепшыя магчымасці для расійскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, і беларусаў, якія вучацца ў ВНУ Расіі.
Аднак, на думку П.Барадзіна, працэс прыняцця саюзных праграм занадта складаны і доўгачасовы.
"Мы прымаем праграмы на працягу чатырох-пяці гадоў, узгадняем іх з мінфінамі па восем-дзесяць разоў", — зазначыў дзяржсакратар, паведамляе БелаПАН.






