14-07, 18:46

Ператрусы ў апазіцыянераў працягваюцца

У Полацку супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру, якую арандуюць актывісты арганізацыі «Малады Фронт».

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 моладзевы актывіст Мікалай Круткін, які разам з сябрамі здымае кватэру, міліцыянеры запатрабавалі адчыніць дзверы на падставе таго, што ім нібыта трэба ўручыць позву ў ваенкамат. Аднак яны, калі прайшлі ў памяшканне, пачалі праглядаць кнігі і газеты, якія там знаходзяцца. Акрамя таго, участковы Іван Крахотка папытаў па тэлефоне кагосьці пад'ехаць у кватэру – магчыма, дадатковы нарад міліцыі.

На пытанне, ці ёсць у міліцыянтаў ордэр на ператрус, тыя не адказваюць або задаюць актывістам «Маладога Фронту» сустрэчнае пытанне: «А вы тут прапісаныя?». Прычыны ператруса яны таксама не тлумачаць

Нагадаем, што пасля выбуху на канцэрце 3 ліпеня ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў актывістаў апазіцыі. 10 апазіцыянераў дагэтуль знаходзяцца закратамі. Падчас ператрусаў ў іх кватэрах былі знойдзеныя звычайныя балты або гумавыя пальчаткі, што, на думку міліцыі, стала прычынай для падазрэнняў у іх дачыненні да выбуху, паведамляе Хартыя-97.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя