15-07, 22:08

Па выніках другога канцэрта фіналу конкурсу "Віцебск-2008" перамагла Літва

Найбольшую колькасць балаў - 210 з 220 магчымых - на XVII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2008" набраў Данатас Мантвідас з Літвы.

Віталь Гардзей - беларускі ўдзельнік "Віцебск-2008" і расійская канкурсантка Лена Валеўская набралі па 201 балу і цвёрда стаяць на другой пазіцыі. На трэцяе месца ўварваўся Надзіко з Грузіі са 198 баламі. Далей ідуць прадстаўнік Украіны Уладзіслаў і балгарын Пламен Патаў, якія набралі па 193 балы.

Ці будзе ўручаны Гран-пры фестывалю, стане вядома на цырымоніі узнагароджання. Як маглі пераканацца гледачы і самі канкурсанты, члены прафесійнага міжнароднага журы не паддаюцца эмоцыям і строгія да канкурсантаў. У гэтым годзе судзейскую калегію ўзначальвае французскі кампазітар, аўтар славутага мюзікла "Сабор Парыжскай Божай Маці" Рыкарда Качыянтэ. Разам з ім канкурсантаў ацэньваюць Ядвіга Паплаўская, Лайма Вайкуле, Алег Газманаў, а таксама вядомыя прадюсеры.

Паводле палажэння аб конкурсе, у фінале прысуджаюцца прызы і прэміі. Пераможца атрымлівае Гран-пры ў памеры $10 тыс., спецыяльны прыз "Ліра" і дыплом уладальніка Гран-пры XVII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2008". Далей I прэмія з капіталам $6 тыс., прызам "Ліра" і дыпломам, II прэмія - $4 тыс., III прэмія - $2 тыс., таксама з прызамі і дыпломамі. Астатнія фіналісты атрымліваюць званне дыпламанта конкурсу. Акрамя таго, канкурсантаў чакаюць спецыяльныя ўзнагароды Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2008" праводзіцца ў рамках фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". У гэтым годзе ў конкурсе прымалі ўдзел 24 краіны. Упершыню сваіх маладых выканаўцаў на конкурс накіравалі Нарвегія і Нідэрланды. У гэтым годзе для таго, каб пашырыць геаграфію ўдзельнікаў, краіны-заснавальніцы - Беларусь, Расія і Украіна - прадставілі на песеннае спаборніцтва па аднаму ўдзельніку замест двух, як гэта было раней, паведамляе Белта.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя