16-07, 13:08

У Віцебску зноўку затрымалі Барыса Хамайду

Не паспеў вядомы апазіцыянэр пакінуць сцены віцебскага ІЧУ, дзе трое сутак адбываў пакаранне арыштам, як чарговы раз быў затрыманым на сваім традыцыйным “працоўным месцы” ля гэтак званага “сіняга дому”.

І зноўку прычынай стала правакацыя супраць распаўсюдніка незалежнай прэсы. Папярэдні раз ўчыніў сварку і нават паваліў паджылога чалавека на зямлю нейкі чалавек у цывільным. Але пакаранне атрымаў збіты Хамайда. На гэты раз чалавек у цывільным купіў у распаўсюдніка “Народную волю” і адразу паказаў пасведчанне супрацоўніка міліцыі.
У Чыгуначным РАУС на Барыса Хамайду быў складзены пратакол аб адміністратыўным парушэнні – незаконны распаўсюд прэсы. Цяпер яго, хутчэй за ўсё, чакае чарговы штраф.
Як сказаў Хамайда па тэлефоне з пастарунку, папярэднія і гэтае затрыманні ён лічыць спробамі міліцыянтаў перашкодзіць яму распаўсюджваць незалежныя выданні пад час “Славянскага базару ў Віцебске”. Тым больш, якраз насупраць галоўнай канцэртнай пляцоўкі фэсту.

Вадзімір Жукоўскі, Радыё Рацыя, Віцебск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя