РУП "Белтэлекам" плануе пачаць аказанне паслугі інтэрактыўнага тэлебачання (IPTV) у рэгіёнах Беларусі, як мяркуецца, восенню 2008 года. Пра гэта 17 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Віцебску паведаміў генеральны дырэктар "Белтэлекама" Канстанцін Цікар.
З 15 ліпеня "Белтэлекам" прымае заяўкі на бясплатнае падключэнне да IPTV, якое будзе ажыццяўляцца да 14 жніўня. Новым абанентам адкрываецца доступ да 20 тэлеканалаў, інтэрактыўных функцый IPTV. Першымі абанентамі новага тэлебачання становяцца жыхары Мінска. Паводле слоў гендырэктара прадпрыемства, на трэці дзень аказання паслугі ёсць ужо каля 500 заявак на падключэнне.
К.Цікар таксама падкрэсліў, што IPTV будзе заставацца "дастаткова камерцыйнай паслугай, на якой "Белтэлекам" плануе зарабляць грошы".
Гендырэктар зазначыў, што IPTV — гэта "без перабольшвання рэвалюцыйны для нас крок", бо ў згаданай тэхналогіі аб'яднаны адразу некалькі відаў дзейнасці: гэта і перадача даных, і тэлебачанне.
Плануецца, што з часам будуць і іншыя сэрвісы IPTV — фільматэка, караоке, відэа па запыце і інш.
Падключэнне (разавы плацёж) абыдзецца абаненту ў 30 тыс. рублёў, штомесячная абаненцкая плата складзе 40 тыс. рублёў, уключаючы пэўны набор інтэрактыўных функцый і камплект абаненцкага абсталявання. Каб стаць падпісчыкам IPTV, дастаткова патэлефанаваць у тэлефонны цэнтр абслугоўвання кліентаў "Белтэлекам" па бясплатным нумары 130.
Даведка. IPTV — гэта тэхналогія, якая дазваляе эфектыўна перадаваць тэлевізійны канал па інтэрнет-пратаколе. У адрозненне ад традыцыйных відаў лічбавага тэлебачання (эфірнага, кабельнага і спадарожнікавага) IPTV — поўнасцю інтэрактыўны сэрвіс. Па сутнасці, гэтая тэхналогія не мае абмежаванняў па колькасці каналаў (колькасць іх можа дасягаць 100 і больш) і якасці транслюемага кантэнта. Усё залежыць ад прапускной здольнасці сеткі і тэрыторыі яе ахопу, паведамляе БелаПАН.






