17-07, 21:20

"Белтэлекам" плануе ўстанавіць сёлета не менш чым 160—180 пунктаў бесправаднога доступу ў інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi

РУП "Белтэлекам" плануе да канца 2008 года ўстанавіць у Беларусі не менш чым 160—180 пунктаў бесправаднога доступу ў інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi, у тым ліку не менш чым 80 — у Мінску. Пра гэта паведаміў 17 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Віцебску генеральны дырэктар "Белтэлекама" Канстанцін Цікар.

Ён нагадаў, што ў краіне ўжо абсталявана прыкладна 100 пунктаў доступу. К.Цікар таксама паведаміў, што 7 ліпеня завяршылася тэставанне бесправаднога доступу ў інтэрнет з дапамогай тэхналогіі Wi-Fi. З гэтага часу Wi-Fi-доступ ажыццяўляецца з дапамогай скрэтч-карт, на якіх указаны лагін і пароль для рэгістрацыі ў сетцы. Карты Wi-Fi розных наміналаў можна набыць у пунктах калектыўнага карыстання і сэрвісных цэнтрах "Белтэлекам". Кошт карткі наміналам 60 хвілін складае 1.600 рублёў, наміналам 180 хвілін — 4 тыс. рублёў. "Згадзіцеся, 1.600 рублёў за адну гадзіну работы — гэта дастаткова танна, тым больш што хуткасці дастаткова высокія", — падкрэсліў К.Цікар.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі РУП "Белтэлекам" "пастараліся, каб паслуга была максімальна даступная для ўсіх". "Інтэрнет — наш асноўны прадукт, і мы не можам аддаваць яго бясплатна. Многія рэстараны, гасцініцы, кафэ даюць Wi-Fi-доступ бясплатна. Але гэта толькі для прыцягнення наведнікаў і не з'яўляецца асноўным відам іх бізнесу", — заявіў ён.

У цэлым, як падкрэсліў К.Цікар, паслуга бесправаднога доступу ў інтэрнет па тэхналогіі Wi-Fi будзе "Белтэлекамам" развівацца і надалей.

Даведка. Wireless Fidelity (Wi-Fi) — сучасная бесправадная тэхналогія падключэння камп'ютэраў да інтэрнета, заснаваная на выкарыстанні радыёхваляў. Wi-Fi-доступам могуць карыстацца ўладальнікі ноўтбука і кішэннага персанальнага камп'ютэра, веб-камеры і бесправаднога IP-тэлефона, аснашчаных адпаведным модулем. Тэхналогія Wi-Fi шырока выкарыстоўваецца для арганізацыі бесправаднога доступу да інтэрнета ў грамадскіх месцах: у кафэ, на вакзалах, у аэрапортах, на вуліцах, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя