БЕЛАРУСКУЮ КНІГУ - ДЗЕЦЯМ! “Беларускую кнігу – дзецям” – пад такой назвай стартавала агульнабеларуская акцыя па збору беларускамоўных кніжак для дзіцячых дамоў. Акцыя арганізавана Маладым Фронтам і яе пачатак невыпадкова супаў з пачаткам новага навучальнага году. У сітуацыі, калі бібліятэкі дзяржаўных установаў, у тым ліку дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, у асноўным камплектуюцца расейскамоўнымі кнігамі, а родная мова прадстаўлена пераважна выданнямі яшчэ савецкіх часоў, акцыя выглядае надзвычай своечасовай і актуальнай.
Ідэя правядзення акцыі па збору беларускамоўных кніжак узнікла не выпадкова. Маладафронтаўцы палічылі вартым з дапамогай такой дабрачыннай акцыі даваць дзецям магчымасць з малога знаёміцца з творамі сусветнай мастацкай і беларускай літаратуры, гісторыяй Бацькаўшчыны, яе культурнымі з’явамі. Адзіны крытэры – літаратура павінна быць на беларускай мове. Акцыя праводзіцца ўжо не першы год, распавядае актывіст Маладога Фронту Іван Шыла:
- Акцыя будзе праходзіць трэці год. Яна распачалася ў 2006 годзе, але мела выключна лакальны характар, то бок два гады запар мы збіралі кніжкі ў Салігорску і Слуцку. А цяпер адметнасць акцыі – гэта больш працяглыя тэрміны і тое, што мы будзем спрабаваць арганізаваць збор кніжак у тых гарадах, дзе ёсць філіі Маладога Фронту, і людзі, якія будуць ахвотныя актыўна браць удзел і дапамагаць нам у рэалізацыі пастаўленых мэтаў.
Па словах Івана Шылы, досвед мінулых гадоў сведчыць пра тое, што адміністрацыя школ-інтэрнатаў прымае кніжкі, і наўрад пойдзе на такі крок, каб цэнзураваць прывезеныя матэрыялы. Тым больш, што гэта дзіцячы кніжкі і нічога крамольнага ў іх няма. Калі толькі нехта не палічыць крамолай саму беларускую мову. Маладафронтаўка Наста Палажанка зазначае важнасць правядзення такой акцыі:
- Мы імкнемся зрабіць усё магчымае, каб беларускія кнігі траплялі беларускім дзецям у інтэрнатаўскія дамы. Тым дзецям, якім сапраўды гэта патрэбна, якім варта прывіваць гэтую беларускасць, мілагучнасць беларускай мовы, адчуванне патрыятызму, адчуванне таго, што сапраўды моладзь выхоўваецца на грунце сваіх нацыянальных каштоўнасцяў. Таму Салігорскі Малады Фронт і распачаў гэтую акцыю, якую Малады Фронт падтрымлівае ў нацыянальным маштабе. І мы запрашаем іншых людзей, іншыя арганізацыі, партыі, фонды і шматлікія іншыя структуры.
Па словах моладзевай актывісткі Хрысціны Самойлавай прыняць удзел у акцыі можа кожны, каму неабыякавы лёс беларускай мовы і культуры, у тым ліку грамадскія арганізацыі, фонды, партыі і іншыя структуры.
- Мы размясцілі інфармацыю аб зборы кніжак у інтэрнэце, сродках масавай інфармацыі. Тыя арганізацыі, якія захочуць прымаць удзел у нашай акцыі, могуць патэлефанаваць ці напісаць нам ліст. Вось зусім нядаўна нам напісалі ліст аб тым, што нейкая арганізацыя можа перадаць нам некалькі дзесяткаў кніжак “Віні-Пыха”. Заканчэннем акцыі будзе перадача кніжак у дзіцячы дом.
Хрысціна Самойлава адзначае важнасць мэтаў, якіх мае дасягнуць акцыя па зборы беларускамоўных кніжак:- Мы хочам, каб нашыя дзеці, нашае маладое пакаленне атрымлівала веды і магло чытаць кнігі на сваёй роднай мове, на беларускай. На жаль, зараз гэта не робіцца. Няма магчымасці такой. Вельмі мала кніжак на беларускай мове. У людзей няма такога імкнення нават, яны не ведаюць. У нас так закладзена, напэўна, было, у пакаленні маіх бацькоў, што не было беларускамоўных кніжак. А зараз, калі гэта магчыма, то дзеці проста пра гэта не ведаюць. Тым больш, тыя дзеці, якія не маюць бацькоў. Мы мусім гэта зрабіць замест бацькоў, мы мусім паказаць, якая прыгожая беларуская мова, што ёсць кніжкі на беларускай мове, што варта чытаць па-беларуску, што беларуская мова вельмі прыгожая.“Мы перакананы, што выхаваць сапраўдных патыётаў можна толькі на грунце сапраўдных беларускіх каштоўнасцяў і традыцый, аднак, палітыка ўладаў, скіраваная на выцісканне беларускай мовы з усіх сфераў жыцця не толькі не спрыяе гэтаму, а наадварот стварае значныя перашкоды” – гаворыцца ў звароце, размешчаным на сайце Маладого Фронту. Таксама, на сайце можна знайсці кантакты арганізатараў акцыі для жадаючых да яе далучыцца.
Яна Запольская, Радыё Рацыя
Сувязь з каардынатарамі і дадатковая інфармацыя: ![]() ![]() ![]() ![]() ![]()
|