ЗША размесціць у Польшчы цяжкае ўзбраенне
ЗША ў бліжэйшы час прымуць рашэнне пра размяшчэнне ў Польшчы цяжкага ўзбраення, уключна з танкамі і БМП, кажа міністр абароны Польшчы.
Томаш Семаняк паведаміў, што ў мінулым месяцы ён абмеркаваў такія планы з міністрам абароны ЗША Эштанам Картэрам.
Амерыканскія вайскоўцы праводзілі манеўры з саюзнікамі па НАТА ва Усходняй Еўропе на фоне занепакоенасці ў рэгіёне з нагоды ролі Расеі ў канфлікце ва Украіне.
Тры балтыйскія дзяржавы таксама плануюць размясціць цяжкае ўзбраенне ЗША, кажуць чыноўнікі.
„Рашэнне поруч,” – напісаў Семаняк ў Twitter, пацвердзіўшы паведамленне New York Times адносна таго, што цяпер абмяркоўваюць размяшчэнне цяжкіх узбраенняў у Польшчы.
Такое размяшчэнне амерыканскай зброі на тэрыторыі экс-камуністычных краін НАТА будзе першым пасля заканчэння Халоднай вайны.
Па словах міністра, гэта – не сітуацыйныя захады, а план на „гады і дзясяцігоддзі”.
Паводле паведамленняў, зброяй, размешчанай ва Усходняй Еўропе, можна будзе забяспечыць да 5 тыс вайскоўцаў НАТА. Яна будзе даступная для сіл хуткага рэагавання НАТА, якія могуць разгарнуць у кароткія тэрміны.
Белы дом і міністр абароны ЗША ўсё яшчэ павінны зацвердзіць размяшчэння цяжкага ўзбраення, і пакуль няма дакладных месцаў для гэтага.
„Гэта яшчэ адзін крок на шляху да стварэння большай прысутнасці ЗША ў Польшчы і ў рэгіёне”, – паведаміў Семаняк польскаму агенцтва РАР.
Напружанасць у рэгіёне
ЗША таксама будуе базу супрацьракетнай абароны ў Рэдзікава ў Польшчы. Гэта частка шчыта, накіраванага на абарону НАТА ад пагрозы ракет далёкага дзеяння „варожых урадаў”.
Расея асудзіла гэты план супрацьракетнай абароны, абвінаваціўшы НАТА ў пагрозе еўрапейскай бяспецы. Паводле паведамленняў, Расея размясціла ракеты малой дальнасці Іскандэр у Калінінградзе, недалёка ад Польшчы і краін Балтыі.
НАТА і заходнія лідары абвінавачваюць Расею ў адпраўцы жаўнераў і цяжкага ўзбраення, уключна з танкамі і ракетамі, прарасейскім сепаратыстам на ўсходзе Украіны. Расея неаднаразова адмаўляла гэта, настойваючы на тым, што любыя расейскія байцы з’яўляюцца „добраахвотнікамі”.
Перыядычныя абстрэлы і сутыкненні пагражаюць выкананню Менскіх дамоўленасцей пра спыненне агню, прынятых у лютым.
Польшча і тры былыя савецкія балтыйскія рэспублікі – Эстонія, Латвія і Літва – выступалі з асуджэннем палітыкі Расеі ва Украіне.
Напружанасць абвастрылася ў сакавіку 2014, калі Расея анексавала ўкраінскі Крым.
Балгарыю, Румынію і Венгрыю таксама называюць сярод магчымых месцаў размяшчэння амерыканскага ўзбраення.
Фота ocdn.eu