Дзе ў Гародні вучаць па-беларуску?
Кожны жыхар Гародні, які хоча, каб яго дзеткі навучаліся па-беларуску ў дзіцячым садку альбо школе, мусіць напісаць заяву ў аддзел адукацыі. На жаль, колькасць дзіцячых садкоў і школаў Гародні, што прапануюць навуку па-беларуску, невялікая: адзін садок і дзве школы горада. Першая рознаўзроставая група, у якой навучаюць дзетак па-беларуску, у дзіцячым садку №45 была створана толькі тры гады таму. Але, па словах старшыні гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Алеся Кроя, першы крок у тым, каб дзеткі навучаліся па-беларуску, мусяць зрабіць самі бацькі. Пра праблемы навучання старшыня гарадзенскага ТБМ распавёў Беларускаму Радыё Рацыя:
– Існуе праблема з памяшканнямі. Кажуць, што ў гэтым годзе як быццам запланавана здаць яшчэ адзін садок у нашым горадзе. Са школамі сітуацыя больш адрэгуляваная – па дамове з аддзеламі адукацыі былі вызначаныя дзве базавыя школы: ў Ленінскім раёне гэта школа № 32 і ў Кастрычніцкім – №34. Можна падаваць заявы ў гэтыя школы з розных раёнаў горада, бо школы зацікаўленыя, каб стварыць паўнавартасныя беларускія класы.
Каб навучаць дзетак па-беларуску, Алесь Крой раіць звярнуцца да кіраўніцтва гарадзенскага ТБМ, у бацькоўскія каміэты, а таксама па кансультацыі па пытаннях стварэння беларускай групы ў садку можна затэлефанаваць Наталлі Кісель (Гарадзенскі бацькоўскі камітэт беларускай групы) : МТС 298891853, Вэлкам – 293378574.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота t-styl.info