Польскі гуманітарны канвой накіраваўся ва Украіну



Гуманітарны канвой з 22 грузавікоў і 164 тон грузаў для дапамогі ўцекачам з Данбаса выправіўся з Варшавы ва Украіну. Пра гэта паінфармавала прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Польшчы. Больш падрабязна распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Польскі гуманітарны груз складаецца з харчовых тавараў, сродкаў гігіены, коўдраў, спальнікаў, а таксама медыкаментаў і перавязачных матэрыялаў. Гуманітарны канвой арганізавалі няўрадавыя арганізацыі: Польскі Чырвоны Крыж, фундацыя “Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі” і “Катарсіс Польшча” пры дапамозе Міністэрства Замежных спраў і Памежнай службы.

Плануецца, што сёння канвой прыбудзе ў Кіеў, дзе аб’яднаецца з аналагічным нямецкім канвоем.

“Заўтра буду мець магчымасць сустрэцца з нямецкім міністрам эканамічнай супрацы і развіцця  Крыстаферам Штрасэрам, з якім сумесна выправім канвой да Запарожжа”, – паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Паўлік.

З пачатку баявых дзеяў на ўсходзе Украіны Польшча прызначыла 13 міліёнаў злотых на дапамогу ўцекачам.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота hronika.info