Паўлюк Канавальчык: Наша задача-максімум – узяць „серабро”
Паўлюк Канавальчык, які ўзначаліў перадвыбарчы штаб прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Юрыя Шульгана, распавядае пра “з’езд дармаедаў”, перанос выбараў і збор 100 тысяч подпісаў.
Юрый Шульган не працуе з 2000 года. Удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі ён вырашыў вылучацца пасля прыняцця ў Беларусі вядомага „Дэкрэта аб дармаедах”. А ў хуткім часе павінен адбыцца і з’езд дармаедаў.
Паўлюк Канавальчык: З’езд перанеслі на канец лета, а да гэтага часу збіраемся праехацца па рэгіёнах.
РР: Выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца на месяц раней – 11 кастрычніка. Ці мае для вас гэта значэнне?
Паўлюк Канавальчык: Натуральна, што мае, бо гэта прыспешвае цалкам усю кампанію. Атрымліваецца, што фора, якая была на раскачку ўсёй палітычнай прасторы, – яе проста няма. Летам людзі ў адпачынку, складана працаваць з тымі, каго няма на месцы. Магчыма, улады і рабілі расклад менавіта на лета, калі палітычнае жыццё проста замірае.
РР: Для вас перанос даты выбараў – вялікая складанасць?
Паўлюк Канавальчык: Не меншая, чым ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў. Месяц, які выдралі з восені, будзе адчувальны. Трэба больш напружвацца.
РР: Наколькі рэальна будзе для вас сабраць 100 тысяч подпісаў?
Паўлюк Канавальчык: Насамрэч такая задача пакуль не стаіць. Найперш трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу, якая дазволіць нам нейкім чынам праводзіць далейшую кампанію. А наконт рэальнасці збору 100 тысяч подпісаў – час пакажа… Гэта будзе залежыць яшчэ і ад таго, якой будзе сітуацыя ў астатніх прэтэндэнтаў, што будзе з грамадствам і гэдак далей.
РР: Некаторыя называюць намер дармаеда Шульгана ўдзельнічаць у барацьбе за прэзідэнцкае крэсла цыркам. Самі вы так не лічыце?
Паўлюк Канавальчык: Я скажу так: кандыдатура Юрыя Шульгана не менш сур’ёзная, чым астатнія прэтэндэнты. Калі адбылася сітуацыя, што “сур’ёзная” беларуская апазіцыя так і не змагла паміж сабой дамовіцца на нейкую супольную альтэрнатыву, то ў такім выпадку Шульган больш сур’ёзны прэтэндэнт. Ва ўсялякім выпадку, думаю, ён больш рэзанансу атрымае ў народзе, чым любы іншы заяўлены кандыдат на ўдзел у кампаніі.
РР: Якая ваша задача-максімум і задача-мінімум?
Паўлюк Канавальчык: Задача-максімум – узяць, як мінімум “серабро” у гэтай кампаніі, то бок, заняць другое месца ў прэзідэнцкай гонцы. Як мінімум хочам зарэгістраваць ініцыятыўную групу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org