Ксёндз Павал Салабуда: гэта цуд – шэсць месяцаў і мы атрымалі рэгістрацыю



Гарадзенскі гарвыканкам абвесціў пра правядзенне грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі размяшчэння рыма-каталіцкай царквы ў дзяльніцы “Альшанка”.

Раней, гэтая дзяльніца насіла назву пасёлак “Фабрычны”. Мясцовыя рыма-каталікі з падтрымкай гарадзенскай дыяцэзіяй звярнуліся да ўладаў пра неабходнасць пабудовы там храма.

Звычайна чыноўнікі вельмі не ахвотна ідуць на дазвол пабудовы храмаў, кажа пробашч парафіі Святога Духа ў Альшанцы, ксёндз Павал Салабуда:

– Напрыклад, каталікі, якія жывуць на Фартах ужо дваццаць год чакалі рэгістрацыю. У гэтай справе з Альшанкай перш за ўсё гэта капліца, якая стаіць на дарозе. І ўладам таксама было складана і трэба было нешта вырашыць. І на нашу думку: і ўлады, і касцёл пайшлі адзін аднаму насустрач. Рэгістрацыя была вельмі хуткай, гэта быў нават такі цуд. Шэсць месяцаў – і мы атрымалі рэгістрацыю. А пазней пісалі гэты пісьмы – прасілі розныя мейсцы.

Капліца, што стаіць на раздарожжы ў былым пасёлку Фабрычным паводле будаўнікоў будзе знесеная. На яе месцы будзе дарога, што злучыць Гародню і аддаленую дзяльніцу Альшанка.

Інфармацыю пра месца размяшчэння будучага храма можна атрымаць з расейскамоўнай старонцы сайту гарвыканкама, а таксама па адрасе: пляц Тызэнгаўза, 3.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня