У Беластоцкім драмтэатры АББА падвядзе вынікі мінулага навучальнага году



На сцэне драматычнага тэатру імя Вянгеркі адразу чатыры спектаклі і песні ў выкананні вучняў пачатковай школы №4 у Беластоку. Сваю творчасць прэзентуе Тэатральны гурток “Гульня у тэатр”, а таксама гурт “Баламуткі”. Аб’яднанне АББА ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, падводзіць вынікі артыстычнай працы ў навучальным годзе 2014/2015. Кажа віцэ-старшыня аб’яднання Аліна Ваўранюк:

– Адбудзецца падвядзенне вынікаў працы ўсіх пазаўрочных заняткаў, якія вядзе аб’яднанне АББА. Гэта будуць дзеці з першага па шосты клас. Апрача таго, як і заўсёды, будзем развітвацца з выпускнікамі. Можа быць вельмі цікава, а тым больш, што некаторыя спектаклі будуць у першы раз на сцэне. Ну і ў першы раз будуць прэзентавацца на сцэне сапраўднага драматычнага тэатру. Так што карысным будзе правесці вечар 17 чэрвеня супольна з аб’яднаннем АББА ў драмтэатры ў Беластоку.

Мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі аб’яднання АББА, пачнецца сёння ў 17 гадзін. Уваход вольны.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя