Алесь Мех: Назіральнікі АБСЕ – гэта проста статысты…



Кобрыньскі актывіст Алесь Мех, якія заявіў пра свае намеры балатавацца ў прэзідэнты, распавядае, ці паўплывае колькасць назіральнікаў ад АБСЕ на выбарчы працэс у Беларусі.

АБСЕ зможа накіраваць для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ўсіх прадстаўнікоў, каго палічыць патрэбным. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам.

«Лічыце, што мы запрасілі ўсіх вашых прадстаўнікоў, якіх вы лічыце патрэбным накіраваць для назірання за выбарным працэсам», – сказаў Лукашэнка.

Алесь Мех: Апошнія сустрэчы афіцыйнага Менска з еўрачыноўнікамі сведчаць пра тое, што беларуская ўлада ўжо падрыхтавалася да выбараў. Яна мяркуе, што рэальную канкурэнцыю ёй ніхто не складзе. Улада разбурыла апазіцыю, а тая, што ёсць, сёння знаходзіцца пад кантролем.

РР: Наколькі назіральнікі ад АБСЕ змогуць пракантраляваць выбары?

Алесь Мех: Я з імі сустракаўся на папярэдніх выбарах, яны ўвогуле не кантралююць выбарчы працэс. Гэта проста статысты. Хтосьці можа з’явіцца на выбарчым участку, паназіраць некалькі хвілін, як галасуюць, – і ўсё. Да падліку ж галасоў назіральнікаў АБСЕ ўсё роўна, думаю, не дапусцяць, як не дапускалі і раней.

РР: Але ж запрашэнне ўсіх назіральнікаў АБСЕ – добры знак…

Алесь Мех: Захад ідзе на прызнанне беларускага рэжыму, а апошні робіць нейкія невялікія крокі быццам бы па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Усё сведчыць менавіта пра гэта. Не выключаю, што Захад прызнаў бы выбары ў Беларусі яшчэ ў 2010 годзе, але ж выхад тады людзей на плошчу сарваў усе планы.

РР: Вы яшчэ не перадумалі вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары?

Алесь Мех: Скажу так: усе нашы высілкі накіраваны на стварэнне руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”. А далей у межах руху ўжо будзем выпрацоўваць стратэгію на гэтых выбарах.

РР: Адным словам, пакуль не вызначыліся…

Алесь Мех: Паўтаруся, вызначацца будзем у межах руху. Мы змаглі сабраць у адно цэлае вялікую колькасць людзей, ёсць ініцыятыўная група, якая дзейнічае. Мяркую, праз тыдні два можна будзе больш канкрэтна пра нешта гаварыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя