Міліцыя не аддае Вользе Мікалайчык пашпарт



Міліцыянты адабралі пашпарт у рэжысёркі Вольгі Мікалайчык яшчэ 26 траўня падчас затрымання за перфоманс “касметычка для начных ваўкоў” каля расейскай амбасады. Тады Мікалайчык абвінавацілі ў брыдкаслоўі ды супраціўленні міліцыі і асудзілі да арышту на 13 сутак. Але па сённяшні дзень яе так і не адправілі для адбыцця пакарання.  Асноўны доказ невінаватасці актывісткі – відэа з камер расейскай амбасады.

Падчас разгляду касацыйнай скаргі Вольгі Мікалайчык суддзя Валер Камісараў пагадзіўся з патрабаваннем актывісткі паглядзець запіс і высветліць, ці сапраўды яна лаялася матам і аказвала супраціўленне міліціі, як заяўляе абвінавачванне.

Пасля паседжання актывістка прыходзіла да суддзі і спрабавала вярнуць пашпарт, аднак Валер Камісараў не аддаў яго, спаслаўшыся на тое, што Вольга з’яўляецца арыштаванай па адміністрацыйнай справе, а пашпарт з’яўляецца часткай матэрыялаў справы.

Вольга Мікалайчык:

– Ужо месяц мой пашпарт прыкладзены да справы. Каб я была арыштавана, ён меў бы права не аддаваць мой пашпарт. Але ж мяне не арыштавалі. Я месяц не магу вырашыць свае бытавыя пытанні, патрапіць да лекара, у Менску такія законы, што без пашпарта не возьмеш талон у паліклініцы. Я не магу выехаць у Польшчу на семінар, які пачынаецца 24 чэрвеня. Тым больш – лета, адпачынак, розныя справы. Гэта вельмі непрыемна, але нічога, буду працягваць іх здіўляць далей.

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка звяртае ўвагу на тое, што сітуацыя, калі супрацоўнікі міліцыі не аддаюць дакументы, якія могуць пацвердзіць асобу, у тым ліку пашпарт, на жаль, сустракаецца вельмі часта. Гэта своеасаблівы механізм уплыву на чалавека і спроба захаваць яго пад сваім кантролем.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя