У Пінску пенсіянераў вучаць карыстацца Інтэрнэтам



Беларускія пенсіянеры больш карыснага атрымліваюць з Інтэрнэту, чым моладзь, да такой высновы ў Пінску прыйшлі арганізатары кампутарных курсаў для людзей сталага ўзросту. Справа ў тым, што юнакі пераважна абмяжоўваюцца альбо сацыяльнымі сеткамі, альбо гульнямі ў той момант, як старэйшае пакаленне прагне ведаў і інфармацыі.

У горадзе над Пінай ужо пяты год запар ладзяцца курсы кампутарнай адукацыі, у якіх актыўна ўдзельнічаюць мясцовыя пенсіянеры. “Вучаніца” Надзея Міхалюк адзначыла, што для атрымання навін ёй ужо не патрэбен тэлевізар:

– Перапісваюся, сваякі ў мяне ўсе далёка, перапісваюся з імі. Спадзяюся, нечаму яшчэ навучуся. Вось навіны магу глядзець. Цяпер не абавязкова ў тэлевізары, можна і ў Інтэрнэце. Шмат чаго яше не ўмею, спадзяюся, што навучуся.

Адмыслоўцы адзначаюць, што для маладога пакалення, і гэта датычыцца не толькі беларусаў, Інтэрнэт з’яўляецца забавай, а не сродкам ведаў, інфармацыі і вялікіх магчымасцяў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя