Дэлегацыя Еўрапарламента працягвае візіт у Беларусі (абноўлена)
Дэлегацыя Еўрапарламента, якая знаходзіцца з двухдзённым візітам у Беларусі, правяла сустрэчу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічала намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, паведаміў прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства Дзмітры Мірончык:
– Падчас сустрэчы былі абмеркаваны актуальныя пытанні і перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўразвязам. На дадзены момант гэта ўся інфармацыя, якой мы гатовы падзяліцца са СМІ.
Як паведаміў сябра дэлегацыі еўрадэпутат Марэк Юрэк, сустрэча ў МЗС доўжылася каля гадзіны.
Таксама дэлегацыя Еўрапарламента па справах Беларусі сустрэлася са старшынём пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Уладзімірам Сянько.
Пра што паведаміў прэс-сакратар Савета Рэспублікі Генадзь Курбека:
– Сёння ў нас была сустрэча – прадстаўніка нашай камісіі Уладзіміра Сянько з гэтымі парламентарыямі. Я не ведаю, пакуль мы размесцім інфармацыю. Яна сёння была падаецца. Гэта не мая кампетэтнцыя, таму я не ўлазіў.
РР: Гэта ж ваша кампетэнцыя, вы ж прэс-сакратар Савета Рэспублікі.
– Калі трэба запрасіць прэсу, то я арганізоўваю, а тут прэсу не трэба было запрашаць, таму я не браў гэтае пытанне на сябе.
Візіт дэлегацыі па справах Беларусі Еўрапарламента ў Менск не здзіўляе, бянтэжаць толькі суразмоўцы, так пракаментаваў сённяшнюю сустрэчу еўрадэпутатаў у Савеце Рэспублікі лідар АГП і патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта Анатоль Лябедзька:
– Палата прадстаўнікоў з Саветам Рэспублікі – гэта не парламент, там знаходзяцца людзі, якія займаюць чужое месца. Да гэтага часу еўрадэпутаты былі прынцыповымі і паслядоўнымі. Заўтра будзе магчымасць сустрэцца сам-насам, паслухаем іх аргументы. Думаю, што сярод дэпутатаў таксама няма аднадушша, але спадзяюся, што большасць дэпутатаў Еўрапейскага парламента будзе ўсё ж такі на пазіцыях каштоўнасцяў, а не прагматызму.
Падрабязнасці сустрэчы пакуль невядомыя. Раней дэлегацыя Еўрапарламента, у склад якой ўваходзіць 6 еўрадэпутатаў, сустрэлася з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной. У планах двухдзённага візіту еўрадэпутатаў таксама сустрэчы з сем’ямі палітвязняў і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by