У Кіеве пройдзе Форум “Нас аб’яднае мова”
У Кіеве анансаваны Форум “Нас аб’яднае мова”, мэта каторага – падтрымка ўкраінізацыі грамадства і ўкраінскай мовы.
Ва ўкраінскай сталіцы чакаюцца і госці з Беларусі. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Ва Украіне амаль спыненае адраджэнне мовы тытульнай нацыі, хаця менавіта моўны фактар і павінен аб’яднаць украінцаў у складаны для краіна час. Такой думкі прытрымліваюцца ва “Усеўкраінскім камітэце абароны ўкраінскай мовы”, які і арганізуе міжнародны форум “Нас аб’яднае мова”. У Форуме возьмуць удзел грамадскія актывісты, навукоўцы, пісьменнікі, высокапасадоўцы і прадстаўнікі медый з усіх рэгіёнаў Украіны, сярод якіх вядомыя ў краіне асобы: дысідэнт Ляўко Лук’яненка, пісьменнікі браты Капранавы, камандзір роты батальёну “Айдар” Ігар Лапін.
Сярод гасцей – і старшыня Таварыства Беларускай Мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. Мяркуецца, што спадар Алег распавядзе ўкраінскім сябрам пра цяперашнюю моўную сітуацыю ў нашай краіне, а таксама параўнае ступень зрусіфікаванасці Украіны і Беларусі.
Форум распачынае працу 1 ліпеня, прытым удзельнічаць у яго працы зможа кожны ахвочы.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота oleg-leusenko.livejournal.com