На радзіме Васіля Быкава традыцыйна ўрачаць прэмію “За свабоду думкі”



Уручэнне прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава адбудзецца сёння на малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Імпрэзу будзе весці акцёр, вядучы “Падарожжаў дылетанта” Юрый Жыгамонт. У праграме: ушанаванне сёлетняга лаўрэата, імя якога трымаецца ў сакрэце да самай цырымоніі, сяброўская бяседа ў дворыку былой школы Быкава ды іншыя падзеі, – распавёў адзін з арганізатараў мерапрыемства Хрыстафор Жаляпаў:

– Сярод намінантаў Ніл Гілевіч і Валер Мазынскі. Там будуць і былыя лаўрэаты. Яны будуць выступаць. Ада Райчонак арганізуе выставу. Лявон Вольскі, таксама былы лаўрэат, праспявае некалькі песень. Някляеў будзе, мінулагодні лаўрэат. Уладзімір Арлоў хутчэй за ўсё таксама прыедзе. Павел Севярынец. То бок тыя лаўрэаты, якія ўжо атрымалі гэтую прэмію, яны звычайна прыязджаюць і выступаюць там.

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008-м годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент. Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды. Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся, сярод іншых, літаратары Рыгор Барадулін ды Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Пушкін, палітык і паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі ды акцёр Віктар Шалкевіч.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя