БХД пачала ствараць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча



Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” пачаў праз інтэрнэт фармаваць ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:

– Згодна рашэння з’езда і Нацыянальнай Рады, адна з важных кампаній для хрысціянскіх дэмакратаў на гэтыя прэзідэнцкія выбары – гэта кампанія салідарнасці з палітвязнямі. І фармаванне ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча мы разглядаем як кампанію салідарнасці і патрабавання хутчэйшага вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі.

Хрысціянскія дэмакраты прапануюць пакідаць свае кантактныя дадзеныя ў петыцыі, спецыяльна створанай на інтэрнэт-платформе па зборы подпісаў change.org. Падпісанты пад гэтым электронным дакументам будуць уключаны ў ініцыятыўную групу Статкевіча. Адначасова гэтая ж петыцыя заклікае беларускія ўлады вызваліць палітычных зняволеных, сярод якіх акрамя Статкевіча згадваюцца Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя