Фэст нямога кіно Cinemo завітаў на тры дні ў Гародню



Фэст праходзіць у дворыку гарадзенскага музея рэлігіі. Першы дзень адкрыўся стужкай Бастэра Кітана 1920-х гадоў „Навігатар”, на якую прыйшло больш сотні гарадзенцаў. На фэсце гледачы ўбачаць еўрапейскую, амерыканскую і савецкую чорна-белую класіку ў суправаджэнні сучаснай беларускай музыкі. А агучваць гэтыя фільмы будуць розныя музыкі, сярод якіх піяністка Тамара Серыкава, якая абмыслова прыехала ў Гародню з Нямеччыны, мульты-інструменталіст і імправізатар Віктар Сямашка.

Распавядае адзін з арганізатараў Георгій Блік:

Самая галоўная асаблівасць, што мы імкнемся ў абласных цэнтрах паказаць работы і музыку тых музыкаў, якія народжаныя ў гэтай мясцовасці. У Менску ў нас у асноўным менчане. Гэта могуць быць тыя, хто даўно жыве ў замежжы, выдае там свае альбомы, але паходзяць з Менску. У абласныя цэнтры мы прывозім сваіх музыкаў. Заўсёды імкнемся каб адзін фільм агучылі музыкі таго горада, у які мы прыедзем. Калі гэта ў Магілёве, то хтосьці з Магілёва. Калі з Гародні – то абавязкова з Гародні. Гэта нашая канцэпцыя. Яна звязаная з тым, каб была разнабаковасць музыкаў і каб музыкі з абласных гарадоў маглі паказаць сваю творчасць.

Увечары, напрыканцы першага фестывальнага дня, сагрэцца гарадзенцам дапамагалі напоі, прапанаваныя невялічкай кавярняй, якая ўпершыню працавала на гэтым фэсце.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя