Рыгор Кастусёў: Самы час палепшыць стасункі з Захадам



Днямі з двухдзённым рабочым візітам Беларусь наведаў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што “Еўразвяз ды і ЗША, можа быць, скрозь зубы, але пачынаюць размаўляць з Беларуссю”. Ці зрабілі беларускія ўлады прарыў на заходнім фронце? Пра гэта распавядае былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: Мне падаецца, падзеі апошніх дзён паказваюць, што Еўропа вырашыла аднавіць кантакты з афіцыйным Менскам. Ідуць нейкія перамовы, адбываюцца сустрэчы… Пытанне толькі ў тым, наколькі далёка ўсё гэта прасунецца і чым закончыцца.

РР: Можа гэта чарговая гульня беларускай улады з Захадам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў?

Рыгор Кастусёў: Магчыма і так, хоць відавочна, што тут даюць адбітак украінскія падзеі, якія паказалі, што для Беларусі існуе рэальная пагроза. На мой погляд, беларускія ўлады зараз вагаюцца і ламаюць галаву над пытаннем: выводзіць стасункі з Еўропай на новы ўзровень ці заставацца на старым? Што лепей? Расея ж ужо паказала, як яна распраўляецца з тымі, хто марыць аб еўрапейскіх каштоўнасцях. Так што ў гэтым плане афіцыйнаму Менску ізноў даводзіцца балансаваць.

РР: Ці мае Еўропа ў адносінах да Беларусі нейкія пэўна азначаныя мэты і моцную палітыку?

Рыгор Кастусёў: На жаль, пакуль што такіх мэтаў я не бачу. Бруселю трэба змяняць сваю пазіцыю, рабіць яе яскрава акрэсленую.

РР: Ці можна сёння правесці паралелі паміж сітуацыяй 2009 году, калі таксама было пацяпленне ў стасунках з Захадам?

Рыгор Кастусёў: Пакуль такіх паралеляў я б не праводзіў, таму што ўзровень адносінаў пяць гадоў таму быў зусім іншы. Хоць і ёсць некаторыя падобныя моманты. Але не думаю, што гісторыя паўтараецца па старому сцэнарыю. Праўда, тое, што стасункі з Еўропай наладжваюцца – вельмі добра. Паўтаруся,пагроза страты незалежнасці павялічваецца з кожным днём. Трэба рабіць усе захады, каб гэтая пагроза зменшылася альбо цалкам ліквідавалася.

РР: Ці будзе Крэмль перашкаджаць пацяпленню беларуска-еўрапейскіх стасункаў?

Рыгор Кастусёў: Ён ужо перашкаджае, але з-за падзеяў ва Украіне Расеі пакуль не да Лукашэнкі. Ды і з кансалідаванай Еўропай Пуціну зараз складана змагацца. Таму Беларусі самы час палепшыць адносіны з Захадам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя