Рускі свет
Як хутка з’явілася новая расейская ідэалогія і як імгненна старыя ідэолагі яе падхапілі і загаварылі пра яе як пра вечную і непарушную як сам сусвет! Ды яшчэ з такім выглядам загаварылі, нібыта яны ўсё жыццё яе распрацоўвалі і толькі пра яе ўвесь час трубілі ў медныя маскоўскія трубы, нагадвалі ва ўсе горлы ды званілі на ўвесь свет у тры крамлёўскія лапці. Проста дзіву даешся!
Не паспелі людцы пасля першага шквалу расейскай тэлепрапаганды супраць Украіны пачаць аналізаваць сітуацыю самастойна, так бы мовіць сваімі мазгамі, як ім тут жа падкінулі новую ідэю пад назвай “рускі свет”. І тыя лізаблюды ад ідэалогіі, хто зусім нядаўна трызвонілі пра інтэрнацыяналізм, пра веліч шматнацыянальнасці савецкага народа, ужо загарлапанілі пра вялікую місію ратавання рускага свету. А інтэрнацыяналізм і брацтва народаў для іх адышоў у глухі нябыт. Зараз у іх іншы заказ.
Напачатку была падкінутая шырокай публіцы ідэя вялікай місіі збірання рускіх земляў з яе галоўным месіяй, у надзеі, што шырокія масы тэлегледачоў праглынуць яе з апетытам, утульна седзячы ля экранаў хатніх зомбаскрынак. Але яна “не пракаціла”. Бо нават людзі з лянівымі мазгамі добра ведаюць, чым закончылася для немцаў спроба збірання нямецкіх земляў у адну кучу. Аналогія занадта відавочная. І вось тады тэрмінова, на змену ідэі савецкай еднасці пад наглядам братняй Русі паўстаў новы тэрмін – “Рускі свет”. Гэты тэрмін хутка ўпрыгожылі патрэбнымі эпітэтамі, такімі як “рускі свет распаўсюджваецца значна шырэй, чым тэрыторыя Расейскай Федэрацыі”, і ўключылі ў штодзённае меню радыё і тэлеспажыўцоў. Разлік просты – падтрымліваць на належным роўні антыўкраінскую істэрыю.
Маўляў, Украіна – гэта таксама рускі свет. А нярускі захад хоча адарваць яе ад рускага ўсходу, і тым самым рускі свет мэтна раздзяліць.
Што вельмі ўразіла, што гэтым разам пра беларусаў крамлёўскія ідэолагі маўчаць зусім. Маўчаць упершыню і нездарма. Пра нас наўмысна не ўзгадваюць. Відаць, баяцца, што само слова “беларус” будзе спрыяць нацыянальнаму адраджэнню гэтага народа. І хіба правільна баяцца. Бо, як вядома, “на пачатку было Слова”. Таму вырашылі лепш увогуле не ўспамінаць. Абмяжоўваюцца фразай “афіцыйны Мінск”. Думаю, хутка з вуснаў расейскіх каментатараў пачуем такія вызначэнні нашай нацыі як проста “мясцовы люд”.
Дык што ж сабой уяўляе гэтая ідэя рускага свету? Толкам ніхто не можа растлумачыць. Не паспелі, відаць, распрацаваць яшчэ. У спешцы ж стваралася і выключна пад адну асобу. Хоць гучыць хораша і прывабна. У тым ліку і для ўкраінцаў. Я як нядаўна быў на Палтаўшчыне, так і спытаў мясцовых, ці падабаецца ім ідэя стварэння рускага свету. Яны ад самой назвы прыйшлі ў захапленне. І сказалі з уласцівымі ўкраінцам мудрасцю і гумарам, што яны не супраць рускага свету, толькі каб ён быў без маскалёў. Прычым маскалямі яны называлі не расейцаў, а расейскіх чыноўнікаў. Так як некалі гэта рабілі і іх, і нашы продкі.
Сапраўдны патрыёт рускага свету, калі такі існуе насамрэч, ніколі не быў бы супраць таго, каб нейкая яго частка пайшла на захад. У Еўразвяз. Гэта ж так добра, калі прадстаўнікі свайго ёсць і тут, і там. Калі іх многа і яны ўсюды. Калі яны з розных куткоў свету і з розных сістэмаў дапамагаюць сваім братам і дзеляцца досведам.
Але ж не. Стваральнікі новай ідэалогіі рускага свету гэтага не хочуць. Бо пляваць ім і на рускі свет, і на Украіну, і на Беларусь, і на саму Расею, і на яшчэ нейкія там землі, якія паводле іх тэорыі ляжаць значна “шырэй тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”. Ім патрэбна толькі неабмежаваная ўлада і замбаваны народ, які яны ненавідзяць. Ненавідзяць не за нешта там канкрэтнае, а проста таму, што іншых пачуццяў, акрамя нянавісці, не маюць. Бо каб яны іх мелі, то ці адбіралі б ад уласнага народу свабоду і праўду?
І самае галоўнае. Спекулюючы на панятках рускага свету, яны найбольш яго і баяцца. Бо як рускі свет прачнецца ад іх замбавання, то надыдзе прадказаны і характарызаваны расейскім класікам рускі бунт.