Ноч жыцця



 Ноч з 19 на 20 чэрвеня ў Вільні была нязвыклай. Называлася яна „Ноч культуры”. У горадзе  тыя, хто не спаў, маглі наведаць каля сотні самых розных імпрэзаў – ад тэатральных спектакляў і канцэртаў на імправізаваных пляцоўках, да такой пікантнай выставы, як тая, што была прысвечана гісторыі жаночай бялізны – дэманстравалі яе спакушальныя манекеншчыцы. Адна з такіх сцэнаў, дзе шалелі рок-музыкі і сучасныя танцоры, месцілася ва ўнутраным дворыку Прэзідэнтуры – (уявіце такое ў Менску!).
Народ, які спрадвеку прагне хлеба і відовішчаў, меў на што паглядзець гэтай ноччу пад завязку. Увогуле, інтэнсіўнасць начнога жыцця ў горадзе сведчыць аб узроўні ягонага дабрабыту і цывілізаванасці. Хто быў у той жа Варшаве, памятае натоўпы, што віруюць да позняй ночы ля калоны караля Жыгіманта. Калі ў Нью-Ёрку сябар хацеў мне паказаць познім вечарам, як выглядае славуты ірландскі паб, то зрабіць гэтага не ўдалося – там было столькі людзей, што ўплішчыцца было немагчыма. У Вільні звыклымі вечарамі на вуліцах пуставата – турыстаў мала, а мясцовы люд не настолькі заможны, каб запаўняць рэстараны і бары.
„Ноч культуры” была поўнасцю бясплатнай і даступнай кожнаму грамадзяніну. Таму гэта і была ноч жыцця, жыцця такога, пра якое марылася ў далёкія савецкія часы, – каб глядзець і слухаць што хочаш, знаёміцца з кім хочаш, адчуваць поўную свабоду выбару. А я думаў – як за гэты час усё змянілася – мінусы на плюсы і наадварот. Пры бальшавіках колькі чарніла і друкарскай фарбы было патрачана на выкрыццё „імперыялістычных падпальшчыкаў вайны”! Сёння вайна – не ўяўная, а рэальная, пагражае з боку самой Расеі, якая вуснамі рупара РПЦ, айца Усевалада Чапліна, ужо адкрыта прызнае, што прагне вайны. Бач, у мірны час псуецца спрадвечны праваслаўны дух расейскага народа… А напярэдадні я бачыў, як заходзіў на пасадку (мы жывём не так далёка ад аэрапорта) вялізны шэра-зялёны самалёт з надпісам US AIR FORCE. Уявіць сабе такое пры сацыялізме маглі хіба што толькі ў страшным сне… „Галаса слушаеце! Амерыканцав ждзёце!” – роў на майго бацьку „прадсядацель калхоза”, зацяты камуніст. Што ж, калі не бацька, дык сын дачакаўся, і, калі не ў сваёй краіне, дык хоць у суседняй.
Справа, вядома, не ў амерыканцах, а ў тым, што нармальнае, заможнае жыццё асацыюецца з Амерыкай, а не з Расеяй з ейнымі „зялёнымі чалавечкамі”. А Літва цяжка, паволі, вучыцца нармальна жыць. Дзесяцігоддзі, украдзеныя бальшавікамі, так проста не мінулі. Так, як у Даніі, ці Люксембургу, у Літве доўга яшчэ не будзе. Цяпер тут кожны пяты жыве за мяжой беднасці, эміграцыя моладзі зашкальвае. А як не спакусіцца на выезд, калі ў Швецыі за дзень плацяць амаль столькі, колькі ў Літве за паўмесяца працы…
Лёгка не будзе. Ані сярод грамадзянаў, ані сярод кіраўніцтва, анёлаў не назіраецца, мудрацоў і герояў  таксама няшмат. І ўсё ж, няхай слімачынымі крокамі, але краіна рухаецца ў правільным кірунку. А я сёння раніцой на самай верхняй галінцы старой яблыні заўважыў маленькага слімачка.
Рухаючыся – дасягнеш мэты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ