Нефармальны саміт міністраў замежных спраў пройдзе ў Менску
Нефармальны саміт міністраў замежных спраў краін запрошаных ва Усходняе партнёрства пройдзе ў Менску 29 чэрвеня з удзелам прадстаўнікоў Еўразвяза.
Гэта нефармальная сустрэча ў фармаце без гальштукаў, якую запачаткаваў яшчэ еўракамісар Стэфан Фюле і якая праходзіць у розных краінах Усходняга партнёрства. Сёлета гаспадаром сустрэчы стане Менск.
Ад Форуму грамадзянскай супольнасці з дакладам на сустрэчы выступіць нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Андрэй Ягораў:
– Я буду выступаць ад імя Форуму грамадзянскай супольнасці, у прынцыпе ад усіх грамадзянскіх супольнасцяў шасці краін Усходняга партнёрства нашых калегаў з Еўрапейскага звяза. Не толькі беларускія пытанні будуць закранацца, але і па ўсім Усходнім партнёрстве. Асноўная праблема – гэта геапалітычны канфлікт і супрацьстаянне паміж двума інтэграцыйнымі ініцыятывамі, якое ідзе. Яно абвостранае ў канфлікце ва Украіне ды ў інфармацыйнай вайне за свядомасць, якую тут разгарнула Расеяй, а таксама лёс еўрапейскіх трансфармацый на гэтай тэрыторыі.
Арганізатарам нефармальнага саміту міністраў замежных спраў Усходняга партнёрства з’яўляецца Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапейская камісія.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя