БХД прапаноўвае альтэрнатыву дзяржаўнаму святкаванню Дня Незалежнасці
Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” выступіў з ініцыятывай замены ўдзелу ў афіцыйным святкаванні Дня Незалежнасці карыснай працай. Як паведаміў прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі, ініцыятары задумы ў прыватнасці запрашаюць 3 ліпеня заняцца ўпарадкаваннем мемарыяльнага комплексу „Курапаты”:
– БХД прапаноўвае альтэрнатыву дзяржаўнаму святкаванню Дня Незалежнасці, каб не проста прыйсці, каб паесці ды пагуляць, а практычна дапамагчы ва ўпарадкаванні ўрочышча Курапаты. Гэта будзе і карысна, і годна.
У паведамленні прэс-службы аргкамітэта БХД адзначаецца, што месца расстрэлаў і пахаванняў дзясяткаў тысяч ахвяр палітычных рэпрэсіяў зневажаецца: там выкідваецца смецце, распіваецца алкаголь, неаднаразова адзначаліся факты вандалізму. „Курапаты” — гэта святыня беларускага народу, месца пакутніцтва, жалобы і смутку”, — падкрэслівае прэс-служба БХД.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя