Украіна папярэдне зацвердзіла справаздачу па крушэнні “Боінга”



Нацыянальнае бюро расследавання авіяцыйных здарэнняў і інцыдэнтаў ва Украіне папярэдне зацвердзіла справаздачу па крушэнні «Boeing-777» малайзійскіх авіяліній, заявіў кіраўнік Дзяржаўнай камісіі па расследаванні прычын авіякатастрофы, віцэ-прэм’ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман.

«Справаздача ў бліжэйшы час будзе апублікавана і накіравана ў Нідэрланды», – цытуе РБК-Украіна Гройсмана.

21 ліпеня Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю па крушэнні «Boeing» на ўсходзе Украіны. За дакумент прагаласавалі ўсе 15 краін-чальцоў Савета бяспекі, у тым ліку Расея. Рэзалюцыя «самым рашучым чынам» асуджае дзеянні, якія прывялі да таго, што самалёт быў збіты. Савет бяспекі ААН запатрабаваў правесці ўсебаковае і незалежнае расследаванне трагедыі «ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднай грамадзянскай авіяцыі».

“Boeing-777”, які выконваў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў крушэнне ўвечары 17 ліпеня ў Данецкай вобласці. Усе 298 чалавек загінулі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ria.ru