Праваслаўныя сталіністы



У Беларусі ў другой палове ліпеня пройдзе Фестываль праваслаўнай моладзі. Месца правядзення мерапрыемства – комплекс „Лінія Сталіна”… Доўга думалі, відаць, арганізатары, дзе правесці Фэст праваслаўнай моладзі. І прыдумалі. У Беларусі, значыцца, больш няма нідзе месцаў, каб сустрэцца праваслаўным. Хросная хада вакол помніка тырану, які знішчыў амаль усю праваслаўную царкву пад корань, – гэта, канешне, яшчэ той мазахізм. Менавіта ў часы кіравання правадыра Сталіна ў СССР у 1939 годзе заставалася толькі каля 100 дзейсных храмаў, ніводнага манастыра і ніводнай навучальнай установы для духавенства. Агульная колькасць пацярпелых за веру ў СССР, згодна меркаванням даследчыкаў, вагаецца ад 500 тысячаў да мільёна чалавек. На адным толькі Бутаўскім палігоне ў Маскве былі забітыя больш за 20 тысячаў чалавек, з іх пацярпелых за веру – каля 900 асобаў. У Курапатах і на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы каля Гомеля таксама знаходзяцца месцы масавых пахаванняў святароў і вернікаў. Але там фестывалі праваслаўная моладзь чамусьці не ладзіць.

У каментарах журналістам, праўда, прэс-служба і аддзел па працы з моладдзю БПЦ заяўляюць, што атаясамляць Іосіфа Сталіна і комплекс „Лінія Сталіна” не варта. Маўляў, комплекс – гэта помнік ахвярам вайны, а кананізаваць Сталіна ніхто ў нас не збіраецца. Пра значэнне дадзенага „абарончага” комплекса падчас падзеяў ІІ Сусветнай вайны напісана многа. Вядома, што пасля далучэння да БССР Заходняй Беларусі гэтыя ўмацаванні былі пакінутыя Чырвонай арміяй. То бок падчас першых дзён вайны ў 1941 годзе там па факце не было вайскоўцаў. І не магло быць. Таму сцвярджаць, што „Лінія Сталіна” – помнік ахвярам вайны, мякка кажучы, не надта разумна. Калі б праваслаўная моладзь захацела нейкім чынам ушанаваць памяць ахвяраў, то хай бы дзесьці каля Брэсцкай крэпасці правяла свае зборы. Дзіўна, што абсурднасць правядзення Фестывалю праваслаўнай моладзі на „Лініі Сталіна” не разумее кіраўніцтва БПЦ. Замест прызнання недарэчнасці месца мерапрыемства іерархі займаюцца слоўнай эквілібрыстыкай. Зрэшты, чаго можна чакаць ад людзей, якія заклікаюць „не вешаць усіх сабак” на Іосіфа Сталіна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ