Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў



Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызначаны Андрэй Каўхута, які раней узначальваў „Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі”.

Крэсла міністра заставалася вакантным летась са снежня, калі быў адпраўлены ў адстаўку Уладзімір Цалко. Аляксандр Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Міхаіла Крэйдзіча старшынём Пружанскага райвыканкама, Аляксандра Пачко – на пасаду старшыні Лунінецкага райвыканкама, а Пятра Карабача – старшыні Гарадоцкага райвыканкама.

Кіраўнік Беларусі назначыў новых паслоў Беларусі ў Азербайджане, Арменіі, Чэхіі і на Кубе, паведамляе дзяржаўнае агенства БелТА.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Алы Фёдаравай генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у  Беластоку, якая заменіць на гэтай пасадзе Аляксандра Берабеню.

Як паведаміў нашаму радыё генеральны консул Аляксандр Берабеня, новае прызначэнне не навіна, яно звязана з завяршэннем яго паўнамоцтваў. Чакаецца, што новая консул прыедзе ў Беласток у першай палове ліпеня:

– Калі яна прыедзе, мы будзем на месцы яшчэ пяць дзён, а потым я ўжо з’язджаю. Добрая жанчына, якая працавала разам са мной у Варшаве ў консульскім аддзеле.

РР: Валодае беларускай мовай?

– Я ведаю, што валодала раней, павінна валодаць.

Аляксандр Берабеня ўзначаліў Генеральнае консульства ў Беластоку ў 2010, тады ён змяніў на пасадзе генеральнага консула Міхаіла Аляксейчыка, які сышоў з дыпламатычнай службы па стане здароўя.