Берасцейцы патрабуюць скасавання дамовы-арэнды на раку Мухавец
Такое патрабаванне з паўтары тысячамі подпісаў гараджан было перададзена патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты Таццянай Караткевіч і намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігарам Маслоўскім у Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт.
Прадстаўнікі партыі сустрэліся з намеснікам старшыні Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта Міхаілам Юхімуком і старшынёю абласнога камітэта прыродных рэсурсаў для абмеркавання гэтага пытання. Паразуменне, здаецца, дасягнута, а якія будуць вынікі – пакажа час, кажа намеснік кіраўніка абласной Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў:
– Прыродныя водныя аб’екты не могуць быць прадметам арэнды без уліку думкі мясцовых жыхароў. Такая праблема на Берасцейшчыне не адзіная. У першую чаргу нас цікавіла, чаму арандатар мае права ўводзіць платную рыбалку, не стварыўшы ніякага дадатковага кошту, не зрабіўшы нічога, проста таму, што ён атрымаў.
Распачала кампанію “Вернем Мухавец народу” у мінулым годзе Берасцейская абласная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”, незалежных прафсаюзаў, праваабаронцаў і жыхароў горада.
Людзі жадаюць карыстацца ўчасткам ракі Мухавец, які быў уладамі здадзены ў арэнду, і зрабіць яго агульнадаступным.
Беларускае Радыё Рацыя