У Варшаве адкрылі фотавыставу пра вайну ва Украіне



У бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта адкрылася фотавыстава “Украіна. Неабвешчаная вайна”. Аўтар здымкаў – Аляксандр Кліменка, вядомы ўкраінскі фотажурналіст. Аўтар раней працаваў у зонах ваенных канфліктаў у былой Югаславіі, Афрыцы ды на Блізкім Усходзе, дзе ўкраінскія афіцэры прымалі ўдзел у аперацыях ААН. Аляксандр Кліменка зазначае, што нават у страшных снах не мог уявіць, што ў ягонай калекцыі з’явяцца здымкі з вайны ва Украіне:

– Вайна ў чужой краіне заўсёды будзе вайной у чужой краіне. Але як ты не будзеш суперажываць гэтым людзям, якія губляюць сяброў, знаёмых. Гэта вельмі цяжка.

Дэпутат Сойма Польшчы Маўгажата Гасеўска, якая сама неаднаразова была ў зоне правядзення АТА, выказала спадзеў, што такая выстава нагадвае пра вайну ва Украіне, якая надалей працягваецца, але замоўчваецца ў медыя:

Усе думаюць, што калі не бачаць гэтага на ўласныя вочы, то гэтага няма. Але гэта не так. На ўсходзе Украіны маюць месца злачынствы, ідзе вайна, гінуць людзі, а многія знаходзяцца ў няволі. І ўсё гэта адбываецца ў Еўропе. А Украіна, шчыра кажучы, увесь час змагаецца з гэтым адна. Я маю надзею, што такая выстава адкрые людзям вочы.

Выставу ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта арганізваў Польска-ўкраінскі клуб журналістаў.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара