Алег Трусаў: Установы вешаюць сцяг дагары нагамі – не ведаюць, дзе верх, дзе ніз
«Няхай беларускія чыноўнікі закупяць на свае грошы свае чырвона-зялёныя сцягі і раздадуць беларусам, а ўжо вывешваць іх ці не на сваіх дамах – гэта прыватная справа грамадзяніна”, – так каментуе прапанову зрабіць абавязковым для грамадзянаў Беларусі вывешванне сцягоў на нацыянальныя святы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.
Пры гэтым сам ён такі сцяг вывешваць не збіраецца.
– Каб ён мне даў гэты сцяг, я бы на шматкі не драў, паклаў бы для гісторыі, паказваць дзецям, пад якім сцягам мы жылі падчас таталітарнай сістэмы. Да сёння ўстановы вешаюць сцяг дагары нагамі – не ведаюць, дзе верх, дзе ніз. Улады некаторыя раённыя вешаюць сцягі не тым бокам, Таму, калі ён такі разумны, няхай купіць пяць мільёнаў, раздасць прыватнікам, а прыватнікі будуць думаць вешаць ці не вешаць.
З прапановай прымушаць беларусаў вывешваць дзяржаўны сцяг на свае прыватныя дамы выступілі былы кіраўнік Магілёўскай вобласці Барыс Батура разам са старшынём «савета рэспублікі» Міхаілам Мясніковічам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя