Грэкі вырашаць свой лёс 5-га ліпеня
5-га ліпеня ў Грэцыі пройдзе рэферэндум, на якім грамадзяне краіны вырашаць, ці пагаджацца з прапановай міжнародных крэдытораў адносна ўмоваў фінансавай дапамогі. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас.
Неаднаразова паведамлялася, што шэраг сустрэчаў міністраў фінансаў краін еўразоны адносна крызісу запазычанасці ў Грэцыі не прынёс ніякіх вынікаў. Таму кіраўнік грэцкага ўраду адзначыў, што асобныя крэдыторы не гатовыя падтрымаць прапановы Афінаў дзеля выхаду з крызісу.
У 2010-м годзе Грэцыя атрымала крэдыт у памеры блізу двухсот пяцідзясяці мільярдаў еўра. Надыйшоў час грошы вяртаць, але грэкі настойваюць, што з-за аб’ектыўных фактараў зрабіць гэта нерэальна, таму Еўразвяз мусіць даўгі спісаць. Да 30-га чэрвеня грэцкаму ўраду патрэбна пагасіць запазычанасць перад МВФ у памеры больш за паўтары мільярда еўра.
Крэдыторы адмаўляюцца абмяркоўваць новую праграму, пакуль у Грэцыі не пачнуцца маштабныя рэформы.
Беларускае Радыё Рацыя