Беларускія ўлады не разглядаюць пытанне адмены смяротнай кары



Увядзенне мараторыя на смяротную кару ў Беларусі ў хуткім часе наўрад ці магчымае. Такую думку выказаў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. “Ніякіх звестак наконт гэтага ў мяне няма, але, думаю, наўрад ці магчымы мараторый. Аднак гэта маё меркаванне як прадстаўніка пракуратуры”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне БелаПАН аб перспектывах увядзення мараторыя на смяротную кару ў краіне. Таксама ён выказаўся пра статыстыку смяротных прысудаў апошняга часу:

– У 2014 годзе смяротнае пакаранне не выконвалася, а ў 2015 годзе Гомельскі абласны суд прысудзіў да смяротнага пакарання Сяргея Іванова. Але гэта чалавек, які проста не мог знаходзіцца на волі. Ён выходзіў і здзяйсняў цяжкія злачынствы. Суд палічыў, што ён выключна небяспечны для грамадства.

Аляксей Стук нагадаў, што ў 1996 годзе на рэферэндуме большасць беларусаў прагаласавала за смяротнае пакаранне. Праваабаронцы ж нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе існуюць і здзяйсняюцца смяротныя прысуды.

Беларускае Радыё Рацыя паводле БелаПАН

Фота sb.by