„Любімыя кнігі” і простыя пытанні



Трапілася мне ў рукі нязвыклая кніга. Смела можна сказаць,што яна напэўна не будзе ніколі перавыдадзеная. Наўрад ці хто яе цяпер чытае. Ды я і сам не буду маніць, што ў мяне хапіла цярпення яе прачытаць ад пачатку да канца. Кніжка гэта называецца „Любимые книги”, аўтарка Наталля Марозава. Выдадзена ў Маскве ў 1989 годзе. А кнігі, якія так любіць аўтарка — усе 55 тамоў Поўнага збору твораў У.І. Леніна. Якія яна ўсе прачытала поўнасцю, што само па сабе цягне на кнігу рэкордаў Гінэса. Больш таго — некаторыя тамы былі ёю перачытаны па некалькі разоў, а асобныя артыкулы таварыш Марозава ведае амаль напамяць.

Мяне гэта кніжка зацікавіла тым, што яна дапамагае зразумець, як ствараецца культ асобы, куміра. Бо глыбінныя механізмы культаў любой асобы, нават такіх палярна процілеглых, як Ленін і Ленан, старшыня Мао ці Папа Ян Павал ІІ у прынцыпе аднолькавыя. Большасць адэптаў культу — людзі, якія заклапочаны не столькі пакланеннем дадзенай асобе, колькі ўласнай выгадай. Але ўсё ж аснову, каркас культу твораць людзі сапраўды адданыя, шчырыя. Нельга сумнявацца, што Маякоўскі ці Горкі пісалі пра Леніна не тое, што сапраўды думалі.

Наталля Марозава, вядома ж, не стварала культу Леніна, гэта было зроблена да яе. Але і ў яе шчырасці сумнявацца не даводзіцца, кніжка сапраўды напісана, як раней  выказваліся,”по зову сердца”. Яна пераканая, што Ленін — геній усіх часоў і народаў, кожная ягоная думка — на вагу золата, а ўсе беды на Зямлі ад таго, што людзкасць няздольна зразумець ленінскія тэорыі, якія апярэдзілі свой час.

Няўзброеным вокам відаць, што ў наш час Леніна засланіў, і практычна выцесніў  Сталін. Наколькі ленінскі дыскурс цяпер нікому не цікавы, сведчыць нават такі факт, што пра саму Наталлю Марозаву нават усемагутны Інтэрнэт амаль не дае звестак — хто яна, дзе і кім працавала, і ці жыве яшчэ ўвогуле на гэтым свеце.

Удалося толькі даведацца, што ўжо ў ХХІ стагоддзі яна рэдагавала электроннае выданне „Верность Ленину”, дзе была асноўным аўтарам. Але апошні тэкст датуецца 2009 годам…

Думаецца, што забыццю Леніна паспрыялі тыя ягоныя прыхільнікі, якія стварылі вобраз „самага чалавечнага чалавека”, гэткага добранькага „дзедушку Ільіча”. А халопскія душы патрабуюць жорсткай, цвёрдай рукі. Яшчэ Мікалай Някрасаў пісаў:

Люди холопского звания Сущие псы иногда — Чем тяжелей наказания, Тем им милей господа!

Вось тысячагадовае расейскае халопства і ўзняло на свае сцягі не Леніна, а  Сталіна. Характэрна, што і сама Марозава ў кнізе, напісанай у часы „перабудовы”, асуджае сталінізм, а ў пазнейшых тэкстах свае газеткі ўжо ставіць абодва імёны побач і не  крые сваёй павагі да Сталіна. Больш таго, яна даводзіць, што Сталін, як і Ленін, змагаўся за чысціню ідэалаў камунізму, але абодвух падвялі недалёкія паплечнікі. Марозава захапляецца ўменнем Леніна ставіць „простыя патанні”.

На жаль, сама яна гэткія пытанні ставіць не ўмее. Калі тэорыі Леніна такія геніяльныя, то чаму нікому, нідзе і ніколі не ўдалося іх ажыццявіць? Яна перакананая, што, калі б Ленін пражыў  яшчэ хоць бы дзесятак гадоў, то рэалізаваў бы ўсё ў СССР. Але ці ж назавём мы геніяльным канструктара аўтамабіля, кіраваць якім здольны толькі ён сам, і ніхто іншы?

Можна шмат разважаць і пра саму асобу Леніна, несумненна выдатную і трагічную, і пра леніністаў — але пакіньма гэта гісторыкам. Заўважым толькі, што ў наш час гэта ўжо неактуальна. Марозава ў канцы сваёй кнігі заклапочана якасцю перавыдання новага Поўнага збору твораў Леніна. Не будзе больш такіх выданняў, дый старыя некуды зніклі…

Цікавая эвалюцыя саміх леніністаў — як вядома, цяпер яны славяць Сталіна,  адначасова  стоячы са свечкамі ў праваслаўных храмах. Сама ж Марозава, як сведчаць яе познія тэксты, памяняла адносіны не толькі да Сталіна, але й да тварца „перабудовы” Гарбачова, для якога не шкадуе самых брудных эпітэтаў.

Аднак яна здолела разгледзець і ў сучаснасці ідэальнага палітыка. І гэта не хто іншы, як Лукашэнка! У Беларусі, піша яна ў артыкуле „Белоруссия — любовь моя!”, „жизнь во сто крат лучше, чем в России. Поэтому и Путин, и Медведев люто ненавидят Лукашенко.” Пра Пуціна яна ўвогуле выказваецца так — „умишком не вышел”. А вось у Лукашэнкі „сохранены колхозы, у государства хватает денег на поддержку  науки, образования, здравоохранения, спорта…”

  Як таварыш Марозава прытрымліваецца гістарычнай праўды, сведчыць такі пасаж з вышэйпамянёнага артыкула:
 „Белорусская Независимая (!!! АА) республика была создана в марте 1918 года. И создана она была… немцами. После заключения Брестского мира Белоруссия оказалась временно оккупированной кайзеровской Германией. Вот они, оккупанты, и инициировали создание БНР. Вот тогда же немцами был введен и бело-красно-белый флаг, под которым сегодня выходит на митинги оппозиция”.
Столькі ж праўда і ў яе пісаніне пра Леніна. Не трэба верыць ніякаму культу, ніякай асобы. Як бы шчыра і захоплена ён ні ствараўся. Сапраўды, трэба не пераставаць задаваць простыя пытанні. І шукаць на іх адказы, як бы гэта ні было складана!
Беларускае Радыё РАЦЫЯ