Для беларускіх уладаў наўрад ці будзе пажадана прызнаваць расейскі Крым
Палітолаг Андрэй Фёдараў тлумачыць, чаму беларуская дэлегацыя не падтрымае пункт пра анексію Крыма.
Беларуская дэлегацыя не падтрымае пункт пра анексію Крыма ў рэзалюцыі, якую плануецца прыняць на 24-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Пра гэта заявіў журналістам намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі — прадстаўнік Беларусі на сесіі ПА АБСЕ.
Сесія пройдзе 5-9 ліпеня ў Хельсінкі. Праект рэзалюцыі агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы размешчаны на сайце ПА АБСЕ.
Тым часам, напрыканцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з карэспандэнтам “Еўраньюс” заявіў, што Украіна павінна заставацца цэласнай дзяржавай.
“Тут некаторыя кажуць, што некалі там Крым “няправільна” адышоў да Украіны, што гэтая тэрыторыя заўсёды была расейскай, і так далей, – сказаў беларускі кіраўнік. – Гэта няправільны падыход… Ну давайце тады вернемся ў часы Хана Батыя, у часы мангола-татарскага іга… Ну тады трэба будзе аддаць Казахстану, Манголіі ці яшчэ некаму практычна ўсю тэрыторыю Расеі, Заходняй Еўропы, Усходняй Еўропы. Акрамя Беларусі, яны да нас неяк дайшлі, але нас не чапалі. Перарабляць межы нельга, бо мы ўжо прынялі вельмі шмат нарматыўна-прававых міжнародных актаў, якія вызначаюць стабільнасць межаў, іх непахіснасць”.
Андрэй Фёдараў: Даволі прадказальна, што беларуская дэлегацыя не падтрымае пункт пра анексію Крыма на сесіі ПА АБСЕ. Тым больш, там выказвацца будуць беларускія дэпутаты, якія, шчыра кажучы, ужо даўно свайго меркавання не маюць. Але аналагічная пазіцыя была прадэманстравана беларускім бокам і ў ААН, і на саміце “Усходняга партнёрства”.
РР: У кастрычніку мінулага года беларускі кіраўнік выказаў сваю пазіцыю па Крыму, заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Андрэй Фёдараў: У нашай практыцы здараліся выпадкі, калі пра паслядоўнасць беларускага кіраўніцтва казаць было складана. Усё, напэўна, залежыць ад сітуацый, у якіх зроблены заявы. Тады прагучалі такія словы, але, калі справа дайшла да рэальных дзеянняў… Зрэшты, беларускія ўлады разумеюць, што ад усіх гэтых рэзалюцый нічога не зменіцца, а вось адносіны з Расеяй можна сапсаваць дастаткова, што можа пацягнуць за сабой досыць непрыемныя наступствы.
РР: Ці можа ў будучым афіцыйны Менск прызнаць Крым як частку Расеі?
Андрэй Фёдараў: Напэўна, можа, калі Крэмль вельмі моцна захоча і стане на гэтым настойваць, выкарыстоўваючы розныя метады выкручвання рук. Хоць наўрад ці гэта будзе пажадана для беларускіх уладаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота faktxeber.com