У чаканні справядлівасці
Сем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і чатыры гады строгага рэжыму прызначыў суд Лепельскага раёна двум абвінавачаным з Полаччыны ў крадзяжы, учыненым у буйным памеры. Па справе праходзіла 19 пацярпелых, у асноўным фермеры і пенсіянеры з Ушацкага, Глыбоцкага, Мёрскага і іншых раёнаў.
Больш за 280 мільёнаў беларускіх рублёў агульнай шкоды нанеслі абвінавачаныя пацярпелым. Яны цягам доўгага часу ўзломвалі дамы і іншыя гаспадарчыя пабудовы грамадзян і выкрадалі іхную маёмасць.
Кажуць пацярпелыя:
– Узламалі мой дом і гараж, збілі замкі ў хлеў і падвал, разбілі акно і залезлі ў памяшканне. Скралі ўвесь дарагі электра- і бензаінструмент, металічны посуд і алюміневыя ёмістасці.
– Мне 66 гадоў. І мяне зрабілі не пацярпелым, хоць у мяне скралі рэчы, а сведкам. Усё перавярнулі.
– Якія мы грамадзяне Беларусі, калі не можам даказаць відавочнае. Я выйшаў на пенсію, а мяне абрабавалі на 7 тысяч даляраў, або 104 мільёны беларускіх рублёў. І дзе мне цяпер што ўзяць? Пенсія 2 мільёны 200 тысяч… Як усё аднавіць?
Суд доўжыўся сем месяцаў, справа складалася больш чым з дваццаці тамоў. Прысуд абвінавачаным не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя