У вясковага настаўніка, які піша падручнікі па гісторыі Беларусі, юбілей
Настаўнік гісторыі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Васіль Ракуць 30 чэрвеня адзначае сваё 70-годдзе. Гэта не проста настаўнік, якога паважаюць педагогі, вучні і іх бацькі, але і чалавек, які апантана любіць сваю Беларусь, выдатна ведае яе гісторыю, методыку выкладання гісторыі Беларусі ў школе і педагогіку наогул, а таксама займаецца краязнаўствам. За яго плячыма ўжо амаль 45 гадоў працы ў школе.
Спадар Васіль піша падручнікі і дапаможнікі па гісторыі Беларусі. Ён з’яўляецца аўтарам 22 кніг па методыцы выкладання гісторыі, а таксама робочых сшыткаў для беларускіх вучняў. Прымаў удзел у напісанні 10 школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі і з’яўляецца іх сааўтарам. Па іх сёння вучацца дзеці нашай рэспублікі. А ў 2012 годзе Васіль Ракуць разам з жонкай Таццянай Ракуць напісалі і выдалі гісторыю вёскі Новадзявяткавічы са старажытных часоў да 2010 года, якая асобнай кнігай пабачыла свет у Слонімскай друкарні.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён.