Павел Севярынец: Ёсць пагроза, што ўлада выкарыстае апазіцыю



Аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выступіў са зваротам да грамадскіх дзеячоў і палітычных сіл Беларусі ў сувязі з абвешчанай датай галасавання на прэзідэнцкіх «выбарах» і павелічэннем колькасці спекуляцый на тэму неабходнасці легітымізацыі існуючай улады перад пагрозай незалежнасці Беларусі з боку Расеі.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі і грамадскіх дзеячаў ужо сёння далучыцца да ацэнкі выбарчага працэсу як нелегітымнага, паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

– Выбараў няма, таму што ёсць пагроза легітымізацыі рэжыму, ёсць пагроза, што апазіцыю выкарыстаюць у гэтых мэтах. Гэта небяспека для ўсёй Беларусі. Трэба зараз працаваць з людзьмі, трэба пашыраць шэрагі, трэба думаць пра абарону незалежнасці.

«Спрыяльныя для рэжыму знешнепалітычныя ўмовы даюць падставу шматлікім дзеячам, як у Беларусі, так і за мяжой, для заклікаў да легалізацыі рэжыму. Адной з падставаў гэтага можа стаць ацэнка будучай кампаніі як «больш дэмакратычнай», чым папярэднія. Аднак  гэтыя «выбары» праходзяць без уліку ацэнкі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, АБСЕ, а таксама ўрадамі дэмакратычных краін свету, рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў, вынікі якіх былі прызнаныя нелегітымнымі. Гэта значыць, што ніхто не мае права абірацца на пасаду прэзідэнта больш чым на два тэрміны. Акрамя таго, асноўныя апаненты рэжыму, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў і многія іншыя палітычныя дзеячы незаконна пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у выбарах,» – чытаем у заяве БХД.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя