Сяргей Скрабец: Трэба правесці моцную інфармацыйную кампанію



Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні партыі “Народная Грамада” Сяргей Скрабец кажа, што ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча прэтэндэнтам у прэзідэнты не зарэгіструюць, але “шанц трэба выкарыстаць”.

Сяргей Скрабец: Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні прэтэндэнтам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Даводзіцца сутыкацца з рознымі тэхнічнымі момантамі, але справа рухаецца.

РР: Вы верыце, што групу зарэгіструюць?

Сяргей Скрабец: Думаю, яе не зарэгіструюць, і Цэнтрвыбаркам ужо даў аб гэтым ведаць, калі вялікімі літарамі вывясіў аб’яву ў сябе, што не будуць рэгістравацца тыя прэтэндэнты, якія маюць судзімасць. Але ж наконт ініцыятыўнай групы там нічога не напісана. Таму будзем дамагацца свайго, аспрэчваць нейкія рашэннні… У любым выпадку – трэба правесці моцную інфармацыйную кампанію. Да 17 ліпеня у нас яшчэ ёсць час папрацаваць у рэгіёнах, даносіць нейкія свае ідэі, інфармацыю.

РР: Ці можа гэтая кампанія, якую вы арганізавалі, нейкім чынам пасадзейнічаць таму, каб Мікалая Статкевіча раней часу выпусцілі на волю?

Сяргей Скрабец: Шчыра кажучы, больш разлічваем, каб распавесці людзям аб тым, што ў краіне ёсць палітвязні і аб тым, што гэтыя выбары нельга прызнаваць ужо сёння, бо ў 2010 годзе кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч быў кінуты ў турму, калі выбары яшчэ не закончыліся. Гэта людзі павінны ведаць. Але не буду хаваць, усе мы маем нейкія спадзяванні на лепшае… Не толькі ў адносінах да Мікалая, але і да іншых палітзняволеных.

РР: Славацкі палітык Павал Дэмэш мяркуе, што Лукашэнка можа выпусціць Стакевіча ў верасні, перад сваёй паездкай да папы Рымскага альбо адразу пасля яе. Як вы ацэньваеце такія шанцы?

Сяргей Скрабец: Гэта не першая такая заява адносна Статкевіча. У Еўропе чыноўнікі дакладна ведаюць, у якім месяцы і годзе Мікола Статкевіч выйдзе на волю. З 2012 году пра гэта кажуць, а Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца за кратамі. Тут трэба разумець, што ва ўлады свая логіка, якая не падпарадкуецца ніякай логіцы і прагнозам. Таму вызваленне Мікалая абсалютна не трэба прывязваць да выбараў. Мы ведаем, што некаторыя еўрапалітыкі ўжо па тры разы наведалі Беларусь, таму я лічу, што Еўразвяз выбары ўжо фактычна прызнаў. Засталося толькі прадстаўнікам АБСЕ падпісаць паперы. У гэтай сітуацыі пра Мікалая Статкевіча думаюць менш за ўсё.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя