Яраслаў Раманчук: Нічога агульнага з рэформамі гэта не мае



“Паўмільярда ці мільярд, канешне, падыме настроі працаўнікоў ды мэнджэраў стратных прадпрыемстваў, а беларускія ўлады зноў змогуць заявіць, што робяць усё, каб выратаваць найбуйнейшыя прадпрыемствы, каб людзі на іх працавалі. Але такія меры можна параўнаць з мерамі, якія Нацбанк прадпрымаў напрыканцы 2014 года, калі ратаваў беларускі рубель”, – так каментуе ўказы Аляксандра Лукашэнкі па стабілізацыі фінансавага становішча беларускіх прадпрыемстваў кіраўнік аналітычнага цэнтра “Мізэса” эканаміст Яраслаў Раманчук.

– Нічога агульнага з рэформамі гэта не мае. Гэта не значыць, што яны прыдумалі новую магчымасць рэфармавання прадпрыемстваў. Па сутнасці яны яшчэ раз паказалі, што верыць ім нельга, таму што Лукашэнка, Кабякоў, Мясніковіч – усе казалі, што не будзем даваць грошы стратным прадпрыемствам. Мінфін друкуе баланс акцыянерных таварыстваў за 2014 год, дзе ўсе гэтыя прадпрыемствы, якія сёння атрымаюць грошы, з’яўляюцца стратнымі, складскія запасы ў іх не памяншаюцца, а яны атрымліваюць грошы.

Сёння Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг ўказаў па выратаванні беларускіх прамысловых гігантаў. У прыватнасці Менскаму трактарнаму заводу прадастаўлена права ажыццявіць эмісію аблігацый у аб’ёме, якi не перавышае 150 мільёнаў даляраў. Дзяржпадтрымка прадастаўляецца і «Гомсельмашу». Таксама ў прэсу трапіў указ №284 па «стабілізацыі фінансава-эканамічнага стану асобных прамысловых арганізацый», які носіць паўсакрэтны характар, бо восем яго пунктаў маюць грыф «для службовага карыстання».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя